Па артыкуле, які вешаюць на журналіста, трымаць за кратамі да суда яго могуць агулам паўгода, то-бок да 3-га снежня. Івуліну пагражае арышт, або «хімія» да 5 год, або пазбаўленне свабоды да 3 год. Віну ён не прызнае.
Аляксандра затрымалі 3-га чэрвеня нібыта за сцяг на акне кватэры. Па адміністратыўным артыкуле яму далі 30 сутак арышту, але на свабоду ён ужо не выйшаў — яго адразу затрымалі па крыміналцы і змясцілі ў СІЗА. Месяц на Акрэсціна не будзе ўлічвацца па крымінальным артыкуле.
Адзначым, што ў 2019 годзе Следчы камітэт заяўляў, што трэба пашыраць практыку прымянення альтэрнатыўных мер утрымання: у Беларусі кожны трэці да суда сядзіць у ізалятары.
Агулам за кратамі знаходзіцца 27 супрацоўнікаў незалежных медыя.
Напісаць ліст Аляксандру Івуліну можна па адрасе: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.





