Фота з сайта Занарачанскай сярэдняй школы

Фота з сайта Занарачанскай сярэдняй школы

Нагадаем, 28 красавіка ў шматдзетнай сям'і Марыі і Аляксея з вёскі Сідаровічы Мядзельскага раёна здарылася бяда. Увечары, калі тата паехаў у суседні пасёлак, каб сустрэць маму з працы, у іх доме адбыўся пажар. У гэты час там знаходзілася двое хлопчыкаў: 12-гадовы Рома і Ваня, якому на той момант быў год і чатыры месяцы. Ратуючыся ад агню, старэйшы брат разбіў у адным з пакояў акно і вынес малога. З Іванам усё добра. А Рома атрымаў апёкі больш за 65% цела.

У той жа дзень школьніка на верталёце МНС даставілі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр. Тут Рома правёў пяць месяцаў — спачатку ў рэанімацыі, потым у дзіцячым аддзяленні. У панядзелак яго і маму Марыю, якая ўвесь гэты час знаходзіцца побач з сынам, перавялі ў іншую медустанову. Тут хлопчыка чакае двухтыднёвая рэабілітацыя. І, калі ўсё будзе добра, яны змогуць вярнуцца дадому.

— Рома ўжо сам есць, размаўляе, а вось ходзіць пакуль слабавата. Калі па палаце, то спраўляецца сам, а калі трэба адысці далей, вяду яго за руку, — апісвае стан сына Марыя. — Цяпер яго будуць умацоўваць фізічна. Сёння, напрыклад, прынеслі дзве прыступкі. Сын спрабаваў па іх падымацца. Пакуль цяжкавата, але нічога, паціху-памаленьку будзем трымацца.

Сам Рома таксама стараецца. На пытанне «Як справы?» усміхаецца: «Нармальна». Пасля трагедыі ён зноўку навучыўся сядзець, трымаць лыжку і з 1 верасня, як і ўсе школьнікі, прыступіў да ўрокаў.

У апёкавым цэнтры вучань пайшоў у сёмы клас. З усіх прадметаў яму больш за ўсё падабаюцца фізіка і хімія. Праблем з вучобай, ганарыцца Марыя, у яго, як і раней, няма. Нават падчас рэабілітацыі яны з мамай настроены кожны дзень займацца.

— Я хачу як мага хутчэй паправіцца і пайсці ў школу, — бадзёра агучвае сваё жаданне Рома, але гэта пакуль толькі мара. Сёлета хлапчука чакае надомнае навучанне.

— Імунітэт у сына аслаблены. Не ведаю, як яго арганізм можа адрэагаваць на каранавірус, таму, калі нас выпішуць і мы вернемся ў аграгарадок, каб не рызыкаваць, папрашу ў настаўнікаў займацца з ім анлайн, — тлумачыць сітуацыю Марыя і распавядае, што нядаўна дадала Рому ў чат яго класа: — Цяпер ён камунікуе з дзецьмі там.

«Адразу перажываў з-за таго, як выглядае, але я яго пераканала: не трэба саромецца»

Па прафесіі мама Ромы — кухонны работнік у санаторыі, а па жыцці — крэмень. Пакуль сын на лячэнні, Марыя з ім на бальнічным. Да трагедыі, не хавае, нават не ўяўляла, наколькі яна моцны чалавек.

— Усё, што я перажываю, застанецца са мной. Мне цяжка аб гэтым гаварыць, — коратка адказвае яна на пытанне, як з усім спраўляецца. — Калі нас выпішуць, папрашу мужа адвезці мяне ненадоўга ў лес, каб нікога не бачыць і не чуць. Хачу разабрацца з тым, што ў мяне ўнутры.

Перажыванняў унутры нямала: за пяць месяцаў яе дзіця перанесла 22 няпростыя аперацыі па перасадцы скуры. У залежнасці ад стану Ромкі, доўжыліся яны па гадзіне, дзве. А самая доўгая — пяць. На адной з іх Марыя стала донарам. Здарылася гэта, калі пачалася моцная спякота. Дзіцяці, успамінае, трэба было хутчэй «закрыць», таму ў мамы бралі скуру з ног і перасаджвалі яму на спіну.

— У дактароў залатыя рукі, — у інтэрв'ю яна не раз кажа медыкам «дзякуй». — Я чакала Ромавага выздараўлення, але не ўяўляла, што можна вось так скласці чалавека па частках, а яны яго склалі.

Для таго, каб сын прыйшоў у сябе, мама таксама зрабіла нямала — глядзела яго, карміла, трымала за руку. Распавядала яму пра жыццё, пакуль ён не мог гаварыць, і ў сярэдзіне жніўня пачула ад яго першыя словы.

— Я сказаў: «Мама», або папрасіў папіць, — падказвае ёй Рома, якімі былі гэтыя словы, і яны абодва пачынаюць усміхацца.

Столькі ўсяго з таго часу ўжо прайшло. І нават здарылася сёе-тое вельмі цікавае. У верасні Марыі трэба было тэрмінова з'ездзіць да сям'і па справах. Паездка была на дні тры. Так надоўга сына аднаго яна не пакідала.

— Пакуль я была дома, мне патэлефанаваў доктар і папрасіў пакуль не вяртацца. Сказаў, хоча паглядзець, як Рома будзе спраўляцца, калі мяне няма побач, — Марыя ўспамінае размову, пасля якога затрымалася ў аграгарадку амаль на тры тыдні. — Аказалася, гэта пайшло яму на карысць. Як і любое дзіця, ён ведаў, ледзь што мама прынясе, пакорміць, і трохі ленаваўся. А тут у яго з'явіўся стымул нешта рабіць. І выйшла так, што, калі я ад'язджала, ён толькі трошкі садзіўся, а прыехала — ён і сам трымае лыжку, і піша, і спрабуе хадзіць.

— Як Ромка змяніўся за гэтыя пяць месяцаў?

— Пасталеў, хоць ён і так быў самастойны, — апісвае сына мама. — Адразу ён перажываў праз тое, як выглядае пасля апёкаў, але я яго пераканала: не трэба саромецца. Мы глядзелі фільмы пра дзяцей, якія, напрыклад, без рук займаліся спортам. Я тлумачыла яму, што людзі бываюць розныя, але гэта не павінна перашкаджаць ім дасягаць высокіх вынікаў. І ён са мной пагадзіўся.

— А аб трагедыі размаўлялі?

— Калі да яго прыходзіла следчы, ён сказаў, што нічога не памятае. Я не хачу з ім абмяркоўваць гэтую тэму. Не трэба яго лішні раз траўмаваць.

«Міша просіць Рому хутчэй выздараўліваць»

Пасля трагедыі пра Рому пісалі многія СМІ. Цяпер сітуацыя пакуль сціхла — родныя радыя, таму і просяць не называць медычную ўстанову, дзе хлопчык цяпер умацоўвае здароўе.

Якія яшчэ ў іх навіны? Сям'я пераехала ў вёску Занарач Мядзельскага раёна. Тут ім выдзелілі арэндны дом. У планах — будаваць свой. Прычыну пажару ў іх папярэднім жыллі не высветлілі, але цяпер, кажа Марыя, не гэта галоўнае. Важней для мамы з Ромам хутчэй вярнуцца дадому. А дома іх чакаюць тата Аляксей і браты — Іван і Міша.

— Лёша наведвае нас кожны тыдзень, а хлопчыкі пакуль былі толькі раз. У асноўным мы размаўляем па відэасувязі, — распавядае Марыя. — Яны без нас таксама сумуюць. Міша, ён у верасні пайшоў у першы клас, просіць Рому хутчэй выздараўліваць, а Ванька пакуль нічога не разумее.

— А што кажуць дактары аб далейшым лячэнні Ромы?

— Праз паўтара месяца пасля рэабілітацыі мы зноў паедзем у апёкавы цэнтр. Там скажуць, што рабіць. А пакуль Роме трэба фізічна адужаць, важна, каб у яго аднавілася скура. Цяпер яна ў яго вельмі далікатная.

— Пра што вы думаеце, калі цяпер глядзіце на Ромку?

— Радуюся, што я яго бачу і з ім размаўляю, што ён ходзіць, есць усміхаецца. Са складанасцямі мы справімся, галоўнае — ён жывы.

Калі вы хочаце дапамагчы Роме і яго сям'і, вось рэквізіты дабрачыннага рахунку:

ААТ «АСБ Беларусбанк»
Аддзяленне № 619/5135 г. п. Свір, вул. Гурыновіча, 29
УПП: 100325912
BIC S.W.I.F.T. / БІК / МФА
AKBBBY2X
Дабрачынны рахунак у BYN
Бабіч Галіна Вадзімаўна
BY87 AKBB 3134 0000 0074 3007 0000

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0