Архіўнае фота Сяргея Гудзіліна

Архіўнае фота Сяргея Гудзіліна

— Дзмітрый Іванавіч, неяк вы зусім выпалі з інфармацыйнага поля…

— Так іншыя палітыкі ўжо выйшлі на першы план, іншыя асобы! Кожнаму — свой час.

— Вы ўжо зусім па-за палітыкай?

— У нас у палітыцы па вялікім рахунку заўсёды быў толькі адзін чалавек. Астатнія спрабавалі туды ўвайсці, але ім не далі такой магчымасці. Проста ўвайсці ў палітыку тут ні ў каго не атрымаецца, трэба шукаць нейкія нестандартныя хады.

— Як ацэньваеце тое, што зараз адбываецца ў краіне?

— Ну, усё тое ж самае, што было і дзесяць, і пятнаццаць гадоў таму. Я не бачу, каб нешта памянялася. Проста прыйшлі новыя людзі з новымі амбіцыямі. А па галаве яны атрымліваюць сапраўды гэтак жа, як і мы ў свой час. І пад крымінальныя справы трапляюць, і ў турмы. Усё, як і было.

— Вы калісьці мне на пытанне: «Ці не шкадуеце, што ў адзін выдатны момант пайшлі ў палітыку?» — адказалі: «Шкадую, што быў дурным»…

— Я проста не ведаў, што за ўсім гэтым будзе. Думаў, у нашай краіне людзі на самай справе могуць нешта змяніць, вырашыць. Але аказалася, што гэта не так. Таму прызнаю: быў занадта наіўны. Уся энергія, усё здароўе, усе сродкі, якія былі мной патрачаныя на дасягненне мэты, — гэта было не тое каб марна… Гэта вопыт. Хоць і кажуць, што на памылках вучацца, але лепш усё ж вучыцца не на сваіх, а на чужых.

— Як у вас са здароўем? Пытаюся, таму што вы і ў турэмным шпіталі ў крытычным стане былі, і пасля калоніі доўга аднаўляліся…

— Лепш, чым раней. Але я шмат займаюся сабой. А яшчэ сабакі, паляванне, рыбалка — будзем казаць, адцягваюся ад рэчаіснасці.

— Каранавірус не зачапіў вас?

— Дзякуй Богу, не. Прышчэпкі не рабіў.

— Быў час, калі вы марылі стварыць партыю працоўных…

— Ага, я і прэзідэнтам таксама марыў стаць. Гэта з адной і той жа песні (смяецца). Не прыйшоў яшчэ час для перамен. Глядзіце на Расію, на Маскву — адтуль усё перамены прыйдуць, і ў Беларусь у тым ліку. Думаю, яшчэ гадоў пяць Пуцін дакладна будзе правіць. Так што рабіце высновы. Як кажа эканаміст Яраслаў Раманчук, запасаемся папкорнам, беражом нервы і здароўе. Дарэчы, здзівіўся, калі даведаўся, што Раманчук у Кіеў з'ехаў. Мы з ім у апошні час амаль кожны дзень размаўлялі…

— Да яго з ператрусам прыходзілі, і літаральна на наступны дзень ён прыняў рашэнне з'ехаць.

— Мабыць, вырашыў не рызыкаваць… Я не асуджаю, але і не падтрымліваю тых, хто цяпер прымае рашэнне з'ехаць з краіны. Гэта асабісты выбар. Кожны вырашае свой лёс як можа. Хтосьці, хто больш лаяльны, прыстасуецца. А хто не можа — з'язджае.

— Адзін час вы сябравалі з Мікалаем Статкевічам. Зараз лісты яму пішаце?

— У апошні час не. А калі быў на свабодзе — вядома, мы размаўлялі. Мікалай Віктаравіч — ён жа дыназаўр у палітыцы! Ён выдатна ведаў, чым усе закончыцца, таму і ішоў напралом. Ён, можна сказаць, як Жанна д'Арк для Беларусі. Дочкі ў яго ў Германіі, праз дзяцей націснуць на яго практычна немагчыма. Таму яму ў гэтым плане, можа, і лягчэй, чым некаторым іншым…

— Калі не сакрэт, чым зараз на жыццё зарабляеце? Ведаю, што яшчэ пару гадоў таму займаліся будаўніцтвам…

— Паволі зарабляю, нешта будаваў. Падрабязна не хачу распавядаць. Займаюся камерцыйнымі праектамі.

Будаўніцтва цяпер — справа рызыкоўная і не вельмі актуальная. Вы ж бачыце, што робіцца: цэны растуць, даходы ў людзей падаюць, усё шыварат-навыварат. Будаўнікі многія з'язджаюць з Беларусі — ці ў Польшчу, ці ў Расію, тут мала хто застаецца.

— Як у вас у асабістым жыцці? Дзеці, унукі?

— Унукаў яшчэ няма! Малодшы сын ужо ў пяты клас пайшоў. Старэйшы скончыў універсітэт — гістфак, атрымліваў стыпендыю. Праўда, цяпер не па спецыяльнасці праца — сказалі, лішак настаўнікаў, ён апынуўся не патрэбны. Але працу знайшоў. Так што ўсё больш-менш у мяне. І дзякуй Богу!

***

Экс-кандыдат у прэзідэнты Дзмітрый Ус быў прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску 19 снежня 2010 года і асуджаны на пяць з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, атрымаў інваліднасць, быў вызвалены 1 кастрычніка 2011 года на падставе ўказа Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні. Па словах Уса, прашэння аб памілаванні ён не падаваў.

Праз некаторы час пасля выбараў Дзмітрый Ус зачыніў свой выдавецкі бізнэс і пераключыўся на інвестпраекты і ўзвядзенне адміністрацыйных будынкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?