За жнівень сталёвы пракат патаннеў на 3-11%, а ў верасні — яшчэ на 8%. Па выніках апошніх трох месяцаў больш за ўсё патаннела ліставая сталь і трубы — у сярэднім на 20-25%. Цэны на арматуру знізіліся на 15%, а на вугалок і швелер — на 10%.

«Такая дынаміка цалкам адпавядае тэндэнцыям сусветнага рынку, дзе пасля працяглага росту цэны на метал плаўна пайшлі ўніз. Перш за ўсё гэта звязана з невысокім попытам з боку прамысловых і будаўнічых прадпрыемстваў, паколькі многія з іх у канцы лета закупілі буйныя партыі металу і пакуль не маюць патрэбы ў новых пастаўках. Да таго ж азіяцкія краіны не спяшаюцца адмяняць лакдаўны, уведзеныя яшчэ ў самым пачатку пандэміі каранавіруса, што таксама спрыяе зніжэнню сусветных каціровак», — пракаментавалі ў прэс-службе БУТБ.

На зніжэнне коштаў у Беларусі аказала ўплыў і сітуацыя ў Расіі — асноўным пастаўшчыку металу ў нашу краіну.

«Для забеспячэння нармальнай загрузкі вытворчых магутнасцяў буйныя расійскія металургічныя кампаніі і металатрэйдары ўжо некаторы час рэалізуюць сталёвы пракат па зніжаных цэнах, тым самым змушаючы больш дробных гульцоў ужываць аналагічную цэнавую палітыку», — паведамілі спецыялісты БУТБ.

Што будзе з цэнамі далей, залежыць ад дынамікі попыту на металапрадукцыю (а ён цяпер нізкі) і аб'ёму прапановы (яна пакуль абмежаваная). Да прыкладу, тарыфы ў сферы кантэйнерных перавозак у цяперашні час у некалькі разоў перавышаюць сярэдні ўзровень за апошнія 5 гадоў, а з-за праблем з энергазабеспячэннем спыняюць працу ферасплаўныя заводы і скарачаецца вытворчасць алюмінію і крэмнію.

Усё гэта будзе перашкаджаць рэзкаму падзенню кошту металапракату, па меншай меры на працягу бліжэйшых некалькіх месяцаў. Для беларускіх спажыўцоў гэта азначае, што нават калі кошты працягнуць падаць, то тэмп іх зніжэння, хутчэй за ўсё, замарудзіцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0