З'ехалі або сядзяць — вось лёс большасці супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, якія асудзілі гвалт у жніўні 2020 года. Тады толькі невялікая частка супрацоўнікаў сілавых ведамстваў публічна выступілі супраць гвалту і звольніліся.

Хтосьці запісваў відэазвароты, хтосьці публікаваў звароты ў сваіх сацсетках. Былі і тыя, хто расказваў пра падрыхтоўку да выбараў і загады, якія ім аддавалі вышэйшыя чыны.

Еўрарадыё вырашыла прасачыць іх лёсы і даведацца, дзе яны цяпер.

Юрый Махнач

У жніўні 2020 года Юрый Махнач запісаў відэазварот, у якім асудзіў гвалт і расказаў пра тое, хто аддаваў загады ўжываць сілу да пратэстоўцаў. 19 жніўня, неўзабаве пасля пачатку масавых пратэстаў, ён звольніўся з міліцыі.

У сваім жнівеньскім відэазвароце афіцэр расказваў, што міліцыянеры атрымалі загад абараняць уладу любымі сродкамі і спосабамі. Нібыта пры яе змене іх усіх чакала б смерць.

Цяпер Юрый Махнач выехаў з Беларусі ў Польшчу.

Сяргей Курачкін

Сяргей Курачкін другі злева. 

Сяргей Курачкін другі злева. 

Сяргей Курачкін звольніўся з міліцыі 20 жніўня 2020 года — у самы разгар пратэстаў. Ён служыў у Іўеўскім РАУС у званні маёра міліцыі. У час задушэння пратэстаў ён адмовіўся ехаць у Ліду, калі там у аддзяленні міліцыі збівалі затрыманых людзей.

Цяпер Сяргей жыве ў Польшчы, дзе яму дапамог Фонд салідарнасці, створаны для дапамогі людзям, якія страцілі працу праз пратэсты, у тым ліку для дапамогі былым сілавікам.

Ягор Емяльянаў

У жніўні 2020-га капітан міліцыі Ягор Емяльянаў адмовіўся ўдзельнічаць у задушэнні пратэстаў у Наваполацку і звольніўся. Неўзабаве пераехаў у Мінск.

Амаль праз год, 20 траўня 2021-га, Емяльянава затрымалі на яго новым працоўным месцы — у мінскім фітнес-цэнтры. Яго асудзілі па некалькіх адміністрацыйных артыкулах, уключаючы «хуліганку» і «непадпарадкаванне службовай асобе». Агулам ён правёў у ізалятары каля 40 сутак.

У верасні 2021 года стала вядома, што былы капітан міліцыі з Наваполацка Ягор Емяльянаў знаходзіцца ў Кіеве. Пра гэта напісала яго жонка ў сацыяльных сетках.

Дзмітрый Кулакоўскі

Кулакоўскі — былы начальнік крымінальнага вышуку Заводскага РУУС Мінска. Ён звольніўся неўзабаве пасля прэзідэнцкіх выбараў, бо быў не згодны з дзеяннямі ўладаў. У кастрычніку яго затрымалі, ён правёў 27 сутак за кратамі ў ізалятары на Акрэсціна.

У снежні 2020 года ён быў затрыманы па крымінальнай справе за «абразу прадстаўніка ўлады». Перад гэтым ён спрабаваў выехаць з Беларусі, але высветлілася, што выезд за мяжу для яго часова абмежаваны.

У студзені 2021 года яго асудзілі на два гады хіміі.

Дзяніс Урад

У сакавіку 2021 года, паводле версіі дзяржпрапаганды, капітан Дзяніс Урад, будучы спецсувязістам Генштаба Узброеных сіл, сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных спраў міністру абароны і адправіў прызнанаму экстрэмісцкім тэлеграм-каналу. Неўзабаве яго затрымалі па крымінальнай справе за «здраду дзяржаве».

У траўні Вярхоўны суд прысудзіў Дзяніса да 18 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама яго пазбавілі воінскага звання. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Іван Колас

Гомельскі ўчастковы Іван Колас пакінуў Беларусь у ноч на 12 жніўня, пасля таго, як ён запісаў відэазварот да калег з заклікам спыніць гвалт.

Па словах былога міліцыянера, неўзабаве пасля публікацыі відэа да яго прыйшлі з кіраўніцтва. Ён адмовіўся адчыніць ім дзверы, а форму, жэтон і пасведчанне выкінуў з балкона.

У жніўні 2020-га Іван выехаў у Кіеў. Дзе ён цяпер — невядома.

Яўген Асінскі

Будучы ўчастковым інспектарам у Ленінскім РУУС, 12 жніўня ён напісаў рапарт, здаў жэтон і пасведчанне, вярнуў пісталет, наручнікі — і сышоў. Ужо ўвечары 14 жніўня ён быў у Кіеве.

Фонды салідарнасці дапамаглі яму з арэндай жылля, а валанцёры By_change прапанавалі асвоіць IT-спецыяльнасць. Яўген выбраў UX/UI-дызайн, атрымаў ментара па motion-дызайне і ўвайшоў у праграму UpSkill Lab ад EPAM — анлайн вучыць UX/UI-дызайн.

Раман Весялоўскі

Да жніўня 2020 года Раман Весялоўскі быў старшым сяржантам патрульна-паставой службы аднаго з мінскіх РУУС.

«Па дакументах я звольнены з міліцыі з 31 жніўня. На самай справе сышоў раней — 24 жніўня я адправіўся на бальнічны і больш на працу не вярнуўся. Мяне звольнілі па артыкуле — за прагулы: я ж у 2019 годзе падпісаў кантракт на 5 гадоў, па-іншаму мяне ніхто не адпусціў бы», — расказвае dev.by Весялоўскі.

Цяпер ён — праект-менеджар, працуе ў буйной IT-кампаніі.

Аб'яднанне былых сілавікоў, прызнанае ўладамі экстрэмісцкім

Вялікая група людзей, якія пакінулі службу ў органах унутраных спраў, заснавала ініцыятыву, якая займаецца расследаваннем парушэнняў сілавых ведамстваў Беларусі. Адно з іх асноўных расследаванняў — аб забойстве Рамана Бандарэнкі. Офіс ініцыятывы знаходзіцца ў Варшаве.

У ініцыятыву ўваходзяць былыя супрацоўнікі МУС Станіслаў Якіменка, Сяргей Чубукоў, Алег Талерчык, Сяргей Макар, Ігар Лобан, Міхаіл Куцко, Сяргей Курачкін, Мацвей Купрэйчык, Уладзімір Жыгар, Аляксандр Азараў, Станіслаў Лупаносаў і Андрэй Астаповіч.

Чытаце таксама: «Міліцыянеры ў шоку, баяцца, што праслухоўвалі кожнага». Былыя сілавікі пра тое, як адрэагавалі на злівы ў МУС

Хто такі антыгерой інтэрнэту, міліцыянер Ігар Падвойскі, і за што ён не любіць Чамаданаву

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0