Крыніцы «Нашай Нівы» паведамляюць, што загадчыкам юрыдычных кансультацый сёння прыйшоў запыт з калегіі адвакатаў. Было сказана, што патрабуюцца 30 адвакатаў, бо КДБ затрымаў 50 чалавек па 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) і 130 (Распальванне варожасці) Крымінальнага кодэкса.
Па інфармацыі валанцёраў, учора толькі ў Мінску было затрымана 11 чалавек.
Тэлеграм-канал «DW Беларусь» са спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што прычына масавых затрыманняў — каментары аб смерці супрацоўніка КДБ.
Нагадаем, учора ў эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТБ намеснік кіраўніка МУС Мікалай Карпянкоў выказаўся наконт тых, хто піша каментарыі:
«І вось усе гэтыя каментатары. Пасля таго, што было сказана і паказана, гэта ворагі, але гэта ворагі асабліва цынічныя, якія заслугоўваюць толькі фізічнага знішчэння і ніяк інакш», — заявіў Карпянкоў.





