Па-першае, паведамляецца, што Сакалоў — ураджэнец Ліды, былы вайсковец, цяпер на пенсіі па выслузе гадоў, яму 45 год.
На прадэманстраваных кадрах допыту мужчына распавядае, што паўгода таму на яго выйшаў «нейкі Алег з Украіны» і прапанаваў сустрэцца ў адным з кафэ Кіева. Жыхар Украіны, па словах Сакалова, папрасіў прыглядзець якую-небудзь зброю «для барацьбы з рэжымам».
Грошы на аўто, зброю і іншыя затраты перадавалі з-за мяжы праз трэціх асоб або пакідалі як закладкі ў адкрытым аўто. Усё неабходнае, па версіі следства, закуплялі ў Расіі праз даркнэт. Закладка са зброяй, якую пазней Сокалаў прывязе ў Беларусь, была ў лесе пад Санкт-Пецярбургам.
Паводле інфармацыі, агучанай у эфіры, ён павінен быў дарабіць тое, чаго не змог рэалізаваць Уладзіслаў Вайцяховіч, які разам са сваім бацькам у ноч на 11 ліпеня нібыта паспрабаваў падпаліць дом дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Гайдукевіча (пра рэзананснае затрыманне сям’і Вайцяховіч стала вядома літаральна тыдзень таму, 15 верасня). Менавіта праз сям'ю з Барысава і выйшлі на Сакалова, сцвярджаюць сілавыя структуры.
Сярод мэтаў «кілера» быў нібыта не толькі Алег Гайдукевіч, але як мінімум два дзясяткі чалавек: міліцыянты, суддзі, высокія начальнікі, а таксама медыйныя асобы — паведамілі на БТ. Ён таксама, па словах аўтараў сюжэта, планаваў абстрэлы спецтранспарту з адмысловага сховішча.
Замежныя куратары паставілі перад Сакаловым задачу стварыць сховішчы для зброі па ўсёй Беларусі, каб ёй маглі скарыстацца іншыя «экстрэмісцкія групы», сцвярджаюць журналісты.
Першую партыю зброі, якую Сакалоў атрымаў у Расіі, ён схаваў у Дзяржынскім раёне. Частку ён закапаў у лесе, частку захоўваў у сваім аўтамабілі, а рэшту — у тайніку на Варшаўскіх могілках у Лідзе.
А затрымалі мужчыну ў Жыровічах, дзе ён, па версіі сілавікоў, рыхтаваўся ажыццявіць задуму куратараў — гэта «ліквідацыя людзей і правакацыя хваляванняў, а таксама ўвоз у краіну чарговай партыі зброі».
Цяпер мужчыну выстаўлена абвінавачванне па артыкуле 289 КК («Акт тэрарызму»).





