Наста Кудасава. Паглядзі, колькі жыццяў…
Паглядзі, колькі жыццяў вандруе ўва мне! Паглядзі,
як сусветы гараць унутры асалодай нясцерпнай!
Гэта я — выкшталцоны алень, я — раз’юшаны дзік,
гэта я сплю на ладажскім беразе ўсцешанай нерпай.
Паглядзі, паглядзі, я — у кедры сібірскім арэх.
Я — касматы какос — грэю брушка ў спякотлівай Гане…
Гэта я па-над гаем удмурцкім шапчу «Інмарэ…»
і да поўначы любай нясу недасяжнае ззянне.
А туды, дзе накручвае жнівень палям бігудзі,
дзе буслы над радзімай маёй плач хаваюць старанна,
дзе застыла маўчанне і вусціш…
Туды не глядзі.
«Там —
адкрытая рана.
Андрэй Хадановіч. Усім, хто зьехаў і вернецца
У «Сан-Рэма» (кавярня ў Пружанах)
не хапала вады і пажарных,
бо мы снілі шансон аб свабодзе —
палымяны, як золак на ўсходзе.
У «Сан-Рэма» (кавярня ў Батумі)
слёзы песнямі льём у ваду мы,
вольным хорам будуючы хорам —
неймаверны, як захад над морам.
У «Сан-Рэма» (кавярня ў Сан-Рэма)
берамо вечных нотаў бярэма —
і расце вершаваная вежа
з вавілонскай няволі ў бязмежжа.
У «Сан-Рэма» (кафэ ў Вавілоне)
грацьме шлягер аб даўнім палоне —
ён аб тым, як змаглі дарасці мы
да нябёс, да зямлі, да радзімы.
17 верасня 2021
* * *
Кволая, мройная праўда жураўлём небасхілаў
Перафарбоўвае хмары, ператварае ў восень.
А на зямлі мы думаем: калі ўжо няма сілаў,
Што засталося?
Ходзіць старая надзея ўсё ў дзявочай спадніцы
Шляхам Птушыным збірае залатое калоссе,
А на зямлі бядуем мы: сціхлі спевы сініцы,
Што засталося?
На праспекце бязлюдзіца — дождж нам ліецца ў дамы,
Енчыць у сэрцах і думках гнеўнае стагалоссе.
А на зямлі замоўклі ўсе: слоў больш няма, ты нямы,
Што засталося?
(Мы)





