Нацыянальная сімволіка заставалася дзяржаўнай да Рэферэндуму 1995 года, калі замест яе вярнулі савецкія сімвалы.

Раней бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі сімваламі Беларускай Народнай Рэспублікі — першага дзяржаўнага ўтварэння, што абвясціла сваю незалежнасць ад іншых краін і выкарыстоўвала азначэнне «беларускі».

Герб «Пагоня» — ваяр з узнятым мячом на белым кані ў чырвоным полі — вядомы ў Беларусі з глыбокай старажытнасці.

У якасці дзяржаўнага герба Княства Літоўскага, старажытнай беларускай дзяржавы, яе пачаў выкарыстоўваць вялікі князь Віцень у канцы XIII ст. Выявай «Пагоні» ўпрыгожаныя ўсе дзяржаўныя дакументы тагачаснай Беларусі, старонкі «Літоўскай Метрыкі» і «Статутаў».

«Пагоня» была на сцягах беларуска-літоўскага войска ва ўсіх вырашальных бітвах тых часоў — ад Грунвальда да Оршы.

Пасля Люблінскай уніі «Пагоня» нароўні з польскім белым арлом змяшчалася на гербе Рэчы Паспалітай і на каралеўскім сцягу. Нават пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у XVIII ст, калі Беларусь трапіла пад уладу Расіі, «Пагоня» засталася гербам беларускіх губерняў.

Бел-чырвона-белы сцяг у сённяшнім выглядзе, у адрозненне ад «Пагоні», мае канкрэтнага аўтара. Сцяг стварыў у 1917 Клаўдзій Дуж-Душэўскі.

Бел-чырвона-белую стужку ў 1917-м сталі насіць і вайскоўцы-беларусы на франтах Першай сусветнай вайны, каб пазнаваць сваіх.

У снежнi 1917 у Мінску падчас Усебеларускага з’езда бел-чырвона-белы сцяг ужо адзiнадушна прызнаваўся нацыянальным сімвалам Беларусi. Ён стаў дзяржаўным сцягам Беларускай Народнай Рэспублікі.

За саветамі ж сцяг быў забаронены, а ў апошні год у дзяржаўных СМІ і тэлеграм-каналах разгарнулася кампанія па яго дыскрэдытацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0