Другая партыя вакцыны паступіць у канцы верасня.
Як адзначыла сёння на прэс-канферэнцыі начальнік аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Мінздароўя Іна Карабан, у гэтым сезоне важныя і прышчэпка ад грыпу, і ад каранавіруса, бо калі хварэць адначасова, то наступствы могуць быць самыя сур'ёзныя.
«Мы павінны прыкласці намаганні, каб мінімізаваць рызыкі і наступствы. Акрамя вакцынацыі таксама звяртаю ўвагу на захаванне элементарных правілаў бяспекі — нашэнне масак, сацыяльнае дыстанцыяванне», — падкрэсліла яна.
Асноўныя групы вакцынаваных ад грыпу застаюцца нязменнымі — гэта дзеці ад 6 месяцаў, дарослыя з хранічнай паталогіяй, пенсіянеры 60-65+ гадоў, а таксама людзі пэўных прафесій, напрыклад, медыкі.
Як паведамляе Мінздароўя ў сваім тэлеграм-канале, сёлета спачатку прапануецца рабіць прышчэпкі супраць каранавіруса (дзве дозы) і пасля гэтага праз 14 дзён — прышчэпку супраць грыпу. Вакцынацыя ў адзін дзень дапушчальная, калі няма супрацьпаказанняў.
Для бясплатнай прышчэпкі будзе выкарыстоўвацца Расійская вакцына «Грыпол Плюс», а для платнай — «Ваксігрып Тэтра» (Францыя).





