Што за выбары ў Грузіі?

На выбарах 2 кастрычніка грузінам трэба будзе абраць мэраў 64 гарадоў. Але самым важным для далейшага палітычнага жыцця краіны з гэтага спіса з’яўляецца пасада мэра Тбілісі. Галоўная інтрыга ў тым, ці зможа дзейны мэр Тбілісі Каха Каладзэ, ён жа кандыдат ад кіруючай партыі «Грузінская мара — Дэмакратычная Грузія», зноў стаць мэрам сталіцы.

Каха Каладзэ. Фота: старонка палітыка ў Facebook.

Каха Каладзэ. Фота: старонка палітыка ў Facebook.

Адным з яго галоўных апанентаў з’яўляецца дэпутат Ніка Мелія, які прадстаўляе апазіцыйную партыю «Адзіны нацыянальны рух». Яе заснавальнік — экс-прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі.

10 верасня ў СМІ прасачылася навіна аб тым, што ў ліку іншых міжнародных арганізацый выбарчая адміністрацыя Грузіі выдала акрэдытацыю Цэнтрвыбаркаму Беларусі і яе кіраўніку Лідзіі Ярмошынай. Як толькі гэтыя звесткі пацвердзіліся, па краіне пракацілася хваля абурэння.

Ніка Мелія. Фота: старонка палітыка ў Facebook.

Ніка Мелія. Фота: старонка палітыка ў Facebook.

Чаму для грузінаў вельмі важны міжнародныя назіральнікі? З-за пандэміі падчас папярэдніх парламенцкіх выбараў у кастрычніку мінулага года замежных назіральнікаў на выбарчых участках у Грузіі было нашмат менш, чым планавалася першапачаткова.

Апаненты ўлады лічаць, што гэта дазволіла падтасаваць вынікі выбараў.

У красавіку кіруючая партыя «Грузінская мара — Дэмакратычная Грузія» падпісала пагадненне з апазіцыяй. Згодна з ім у выпадку, калі ўлада не атрымае падтрымкі больш як 43% выбаршчыкаў на мясцовых выбарах, у краіне павінны адбыцца датэрміновыя парламенцкія выбары.

І хоць напрыканцы ліпеня акурат перад пачаткам перадвыбарнай гонкі «Грузінская мара» выйшла з гэтага пагаднення, мясцовыя жыхары ўпэўненыя: калі гэтая партыя прайграе, датэрміновым выбарам усё роўна быць.

Менавіта таму грузіны лічаць неверагодна важным удзел і сумленнасць міжнародных назіральнікаў як у дзень галасавання 2 кастрычніка, так і падчас падліку галасоў.

«Грузінскі ЦВК павінен быў абмеркаваць кандыдатуру Лідзіі Ярмошынай адкрыта»

Адной з першых наконт рэгістрацыі Ярмошынай абурылася Ніно Гогуадзэ — сябра партыі Элене Хаштарыя «Дроа». Яна нагадала пра тое, як у Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары і якую ролю ў іх адыграла Ярмошына.

Ніно Гогуадзэ. Фота: скрыншот з сюжэта тэлеканала 1TV.ge.

Ніно Гогуадзэ. Фота: скрыншот з сюжэта тэлеканала 1TV.ge.

«І ЦВК гэтай дзяржавы грузінская ўлада запрасіла ў якасці назіральніка на свабодныя выбары? — лічыць Гогуадзэ. — Калі ўспомніце нядаўняе грэбаванне міжнароднымі партнёрамі і на гэтым фоне заключэнне дамовы з беларускім КДБ, курс улады «Грузінскай мары» становіцца зразумелым.

Выбары 2 кастрычніка вельмі важныя для незалежнасці Грузіі. Партыю, якая спелася з рэжымамі Пуціна і Лукашэнкі, неабходна адхіліць».

Кіруючая «Грузінская мара», зрэшты, як і ЦВК Грузіі, з абвінавачваннямі не згаджаецца. У ЦВК падкрэслілі: «Выбарчае грузінскае заканадаўства здольнае забяспечыць празрыстыя і справядлівыя выбары».

У кіраўніка няўрадавай арганізацыі «Міжнароднае таварыства за справядлівыя выбары і дэмакратыю» Ніно Далідзэ іншае меркаванне:

Ніно Далідзэ. Фота: старонка палітыка ў Facebook.

Ніно Далідзэ. Фота: старонка палітыка ў Facebook.

«Грузінскі ЦВК павінен быў абмеркаваць кандыдатуру Лідзіі Ярмошынай адкрыта. Пакуль жа выбаркам у штыкі ўспрымае заўвагі грамадзянскіх актывістаў. Пры гэтым у правілах акрэдытацыі (міжнародных назіральнікаў — заўв. «Нашай Нівы») ёсць палажэнне аб тым, што арганізацыя не павінна быць датычнай да парушэння правоў чалавека.

Але ЦВК Беларусі не толькі сфальсіфікаваў выбары, але і давёў сітуацыю да затрыманняў, чалавечых ахвяр і ганенняў на беларусаў. Да таго ж Лідзія Ярмошына знаходзіцца ў санкцыйным спісе Еўрапейскага Саюза. Пра што тут яшчэ казаць?»

«Для Ярмошынай у Тбілісі варта было б арганізаваць «халодны душ»

«Так, у нас ліберальныя законы. Да ўдзелу міжнародных назіральнікаў у выбарах прымяняецца заяўны прынцып, — кажа настаўніца тбіліскай школы Ніка Таладзэ, якая таксама абураная навіной пра Ярмошыну. — Напэўна, яна падала заяўку без усялякага запрашэння, гэта значыць на агульных падставах.

Але пасля таго, што гэтая жанчына правярнула ў Беларусі, ніякім незалежным назіральнікам яна быць не можа. Увесь свет быў у шоку ад таго, што адбывалася ў Беларусі летась. Яна не павінна хоць неяк уплываць на вынікі выбараў у нашай краіне».

«Цяпер, калі для грузінаў настолькі важныя сумленныя выбары і іх вынікі, у якасці назіральніка да іх прыедзе Лідзія Ярмошына? Гэтага нельга дапусціць, — лічыць беларуска Ларыса Пагоцкая, якая некалькі месяцаў жыве ў Тбілісі. — Усе беларусы, якія цяпер жывуць у Грузіі, разумеюць, да чаго прыводзяць фальсіфікаваныя выбары. Для Ярмошынай у Тбілісі варта было б арганізаваць халодны душ».

У найбліжэйшыя дні прадстаўнікі беларускай дыяспары і актыўныя грузіны збіраюцца выйсці на акцыі пратэсту ля будынкаў Парламента і ЦВК у Тбілісі.

Падобныя скандалы з Лідзіяй Ярмошынай здараліся і раней

Нешта падобнае з кіраўніком ЦВК Беларусі ўжо адбывалася ў 2012 годзе ў Вене. Улетку таго года там павінна была прайсці канферэнцыя арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) пад назвай «Дэмакратычныя выбары і назіранне за імі».

Сярод запрошаных таксама была Лідзія Ярмошына. Пасля гэтай навіны беларуская апазіцыя назвала мерапрыемства «Венскім вальсам з катамі». Характэрна, што ўезд у Еўрасаюз Лідзіі Ярмошынай быў забаронены ўжо тады.

Усе задаваліся пытаннем: хто ж запрасіў Лідзію Ярмошыну ў Вену? Бо нават прэс-сакратар БДІПЧ АБСЕ Томас Рымер тады заявіў, што АБСЕ кіраўніка ЦВК Беларусі не запрашала. Хто ж тады даў ёй візу, было незразумела. Пасля высветлілася, што гэта ўсё ж АБСЕ. Візу атрымала не сама Ярмошына, а беларускі Цэнтрвыбаркам. Аўстрыя, на тэрыторыі якой знаходзіцца офіс АБСЕ, па міжнародных правілах вымушана была прымаць усіх.

Падчас канферэнцыі праз удзел у ёй Лідзіі Ярмошынай грамадзянскія актывісты таксама зладзілі акцыю пратэсту. Мэтай іх акцыі было прыцягненне ўвагі «да праблемы фальсіфікацыі выбараў у Беларусі», дзе з 1996 года, калі Ярмошына ўзначаліла ЦВК, па іх словах, «ніводная выбарчая кампанія не была прызнаная сумленнай або адкрытай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0