Ягор Марціновіч падчас аднаго з падарожжаў. Фота: асабісты архіў.

Ягор Марціновіч падчас аднаго з падарожжаў. Фота: асабісты архіў.

«Кніг не надта шмат, і калі чытаць па 300 старонак на дзень, то хутка дайду да серыі «Мент у законе», — жартуе галоўны рэдактар НН. — Кажуць, там каля 15 кніг, адна прымітыўнейшая за іншую. Так што чакаю магчымасці абнавіць бібліятэку. Ну і, каб развіваць мозг, рубімся ў шахматы. 

Чарговы раз пераканаўся, які класны культурны прадукт ствараюць скандынавы. Раней мы разам з Адар’яй (жонкай — НН) любілі глядзець іх серыялы — і шведскія, і дацкія, і нарвежскія. Абавязкова драматычныя, а звычайна яшчэ і з нейкім дэтэктыўным ухілам.

А цяпер спрабую выхапіць такія ж кнігі. «Срэбная дарога» (аўтар — Сціна Джэксан — НН) — бадай найлепшае з таго, што прачытаў тут, літаральна за дзень-два праглынуў, не адарвацца. Такі тыповы флегматычны сюжэт, але трымае ўвагу да канца.

Можа, прынясуць яшчэ чаго скандынаўскага. Ідэальна, каб яшчэ і па-беларуску. А так тут перадусім класіка. У маёй чарзе на наступныя два тыдні Рэмарк, Маркес, Дзюма, Кізі, можа, і Чэхава прагляджу. А пакуль перачытваю Караткевіча. 

Я тут патрохі станаўлюся спецыялістам па беларускім тэлебачанні. Магу рыхтаваць агляды самых цікавых праграм. Рэальна крута, што па «Беларусь-2» паказваюць «Арла і рэшку». Хай хаатычна, хай з паўторамі, але ўсё адно падымаецца настрой. Збіраюцца перад тэлевізарам усе. Глядзелі двойчы Іарданію, аднойчы Таджыкістан. 

Вось я думаю: як адчуваюць сябе тыя, каго ніхто не чакае і за каго ніхто не перажывае? Мне амаль кожны дзень прылятаюць нагадванні пра тое, што я не адзін. Ды нават кожны дзень, бо і тэлевізар, і рэчы ў торбе — гэта ўсё пра тое, што сям’я блізка. 

Усе, хто пішуць лісты, такія малайцы! Ніводнага падобнага ліста, усе з нейкай разынкай. Абавязкова адказваю ўсім, таму калі камусьці не прыйшоў адказ, то на нейкім этапе адбыўся збой, але не з майго боку». 

Падтрымайце Ягора Марціновіча! Ва ўмовах пераследу гэта адзінае, што дапамагае трымацца.

Адрас для ліставання: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага,2. СІЗА №1 Марціновічу Ягору Аляксандравічу

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?