Справаздача заснавана на звестках, атрыманых да 31 ліпеня гэтага года. У Аргенціне «Спутнік» і AstraZeneca — дзве самыя папулярныя вакцыны, імі прышчэплена амаль роўная колькасць людзей.

Усяго насельніцтву краіны ўвялі 11,37 млн доз «Спутніка», 11,1 млн доз AstraZeneca і 9,7 млн доз кітайскай Sinopharm.

За сем месяцаў, якія прайшлі пасля пачатку масавай вакцынацыі, нацыянальная сістэма аховы здароўя зарэгістравала 50 463 справаздачы аб пабочных эфектах (156,8 выпадку на 100 тысяч). З іх 1,99% (1004 выпадкі) палічылі цяжкімі пабочнымі эфектамі — гэта значыць, яны запатрабавалі шпіталізацыі.

Выпадкаў сур'ёзных пабочак пасля «Спутніка» — менш за 1% ад агульнай колькасці. 38 669 выпадкаў пабочных эфектаў пасля расійскай вакцыны палічылі няцяжкімі.

Большасць справаздач аб тых ці іншых пабочных эфектах паступілі па «Спутніку», па AstraZeneca — 2999 справаздач, па Sinopharm — 2384. Яшчэ 3535 выпадкаў не звязана ні з адной з вакцын.

Апублікавалі ў Аргенціне і размеркаванне колькасці цяжкіх пабочных эфектаў у залежнасці ад вакцыны:

  • «Спутнік» — 0,66 выпадку на 100 тысяч доз
  • AstraZeneca — 0,41 выпадку на 100 тысяч доз
  • Sinopharm — 0,16 выпадку на 100 тысяч доз

72% справаздач аб непажаданых з'явах былі ад жанчын, а сярэдні ўзрост тых, хто зявіў аб пабочках, складаў 42,4 года сярод абодвух полаў.

У справаздачы падкрэсліваецца, што ступень рэагавання сістэмы эпіднагляду на пабочкі ў пачатку вакцынацыі была вельмі высокай з-за таго, што вакцыны пачалі ўжываць ва ўмовах пандэміі і ўсе яны былі новымі. Гэта значыць, медперсанал быў навучаны выяўляць пабочкі і хутка апавяшчаць пра іх.

Хоць колькасць атрыманых людзьмі доз вакцын з часам павялічвалася, колькасць паведамленняў аб цяжкіх пабочных эфектах заставалася нізкай, адзначаюць у аргенцінскім Міністэрстве аховы здароўя.

На што часцей скардзіліся?

Часцей за ўсё пасля «Спутніка» рэгістравалі галаўны боль або боль у цягліцах/суставах — (136,2 выпадку на 100 тысяч). Таксама былі выпадкі ліхаманкі з галаўным болем і/або болямі ў цягліцах і суставах (128,5 выпадку), мясцовай рэакцыі без ліхаманкі — 26,9 выпадку на 100 тысяч.

Радзей сустракалася высокая тэмпература — 16,5 выпадку на 100 тысяч, мясцовы боль — 11,4 выпадку, мясцовая рэакцыя з ліхаманкай — восем выпадкаў, рэакцыі страўнікава-кішачнага тракта з ліхаманкай або без — шэсць выпадкаў, столькі ж — алергій.

Зусім рэдкія пабочныя эфекты «Спутніка» — гэта мясцовыя адэнапатыі (павелічэнне лімфавузлоў — Бі-бі-сі) — такіх сустракалася 0,83 выпадку на 100 тысяч, анафілаксіі (0,10 на 100 тысяч), металічны прысмак у роце (0,08) і гіпертэрмія (0,05).

Дзевяць выпадкаў аргенцінскае Міністэрства аховы здароўя аднесла да нявызначаных, то-бок іх нельга было дакладна звязаць з вакцынацыяй. Сярод такіх — тры выпадкі сіндрому Гіена-Барэ (вострая аўтаімунная запаленчая рэакцыя), пяць — розныя тромбацытапеніі і адзін выпадак перыкардыту (запаленчага паражэння серознай абалонкі сэрца).

Аўтары справаздачы падкрэсліваюць, што па меры паступлення новай інфармацыі звесткі аб пабочных эфектах могуць змяняцца і ўдакладняцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0