За каментар «Ну і хара!» пад запісам пра ўчастковага жанчыне прысудзілі два гады хатняй хіміі
Жыхарку Гомеля Алесю Бахун абвінавачвалі ў абразе прадстаўніка ўлады: у ліпені 2020 жанчына на старонцы Вольгі Карач пакінула каментар «Ну і хара!» пад запісам пра ўчастковага з Бабруйска па прозвішчы Комар. Значна пазней, напрыканцы лютага або пачатку сакавіка 2021 года, па месцы жыхарства Бахун быў праведзены ператрус, паведамляюць праваабаронцы.
Суддзя Яўген Шаршнёў прысудзіў жанчыне два гады «хатняй хіміі». Таксама Алеся павінна выплаціць пацярпеламу супрацоўніку міліцыі 1000 рублёў кампенсацыі маральнага ўрону.
Дарэчы, зусім нядаўна, 24 жніўня, два гады «хатняй хіміі» за каментар пад пастом Вольгі Карач атрымаў жыхар Гародні Андрэй Крысюк. Пацярпелым там таксама выступаў супрацоўнік міліцыі Комар.
Nashaniva.com
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ