Першыя хвіліны на волі разам з мужам

Першыя хвіліны на волі разам з мужам

«Я адправіла некалькі лістоў сваім сябрам у СІЗА — на «Валадарку» і ў Гомель. Было так нязвыкла, таму што свой адрас апошнія восем месяцаў я пісала ў іншай графе. Так, я выйшла, але колькі добрых людзей яшчэ «там».

Да таго, як трапіла ў СІЗА, не адпраўляла нікому лістоў. Баялася напісаць не тое. Не ведала, пра што гаварыць. Але ў турме мне шмат хто пісаў, што не ведалі, з чаго пачаць. І я пазнавала сябе. Як радасна, што гэтыя людзі перамаглі сваю сарамлівасць і ўсё ж такі напісалі мне. Цяпер і я разумею, што пісаць і як пісаць зняволеным. Галоўнае — пісаць.

У першы час на волі складана знаходзіцца на вуліцы. Вочы вельмі адвыклі ад дзённага яркага святла.

Нават дома я хадзіла ў сонечных акулярах. І не з першага разу змагла паглядзець на блакітнае неба. На неба без некалькіх слаёў кратаў, сеткі і калючага дроту. У мяне быў шок, калі зараз ўбачыла зялёныя дрэвы. У СІЗА гэтага не было.

Толькі ў вокнах, калі цябе вядуць па калідорах, можна было заўважыць нейкія зялёныя абрысы і зразумець, што на вуліцы лета. Але гэта як у іншай рэальнасці. У тваёй галаве — 22 снежня (дзень, калі затрымалі Алу — НН), нягледзячы на ​​тое, што на вуліцы цёпла.

У СІЗА вельмі не хапала паветра, руху. І калі мы з суседкамі ў камеры марылі, хто што зробіць пасля вызвалення, я казала: «Паеду куды-небудзь за МКАД, выйду на якім-небудзь поле і буду доўга-доўга ісці наперад, глядзець на зямлю, на неба, па баках, буду дыхаць на поўныя грудзі». І што ў выніку? Мяне хапіла на 15 хвілін шпацыру па парку ў Мінску. Гэта было фізічна цяжка. Нягледзячы на ​​тое, што ў турме я кожны дзень выконвала фізічныя практыкаванні, выходзіла на ўсе прагулкі, танцавала. Цела ўсё адно адвыкла. Я задыхалася ад вялікай колькасці кіслароду.

Я навучылася спыняцца, зазіраць у сябе. У СІЗА і пасля яго ты разумееш, што на самой справе самае галоўнае — твае родныя, блізкія, твае сябры. Нельга адкладаць час быць разам. Ты ніколі не ведаеш, што будзе заўтра.

Гэта быў вельмі цяжкі перыяд у маім жыцці. Гэта насамрэч пякельны час, не толькі для таго, хто сядзіць, але і для тых, хто чакае. Мы неяк справіліся з гэтым. Па-ранейшаму ўжо не будзе, будзе па-новаму. Але забываць гэты досвед я не хачу.

Я яшчэ не прыйшла ў сябе пасля вызвалення. Пакуль не гатовая выходзіць на паўнавартасную сувязь, у сацыяльныя сеткі, доўга і шмат кантактаваць з людзьмі. Пасля доўгай адсутнасці асабістай прасторы мне патрэбны нейкі час, каб пабыць адной, аднавіцца. Веру, што гэты стан хутка пройдзе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0