11 жніўня быў затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання былы амбасадар Беларусі ў Славакіі Ігар Ляшчэня. Пасля выбараў ён асудзіў гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў, удзельнічаў у грамадскіх палітычных ініцыятывах. Праз тыдзень Ляшчэню вызвалілі, ён застаецца ў статусе падазраванага па крымінальнай справе (па якім артыкуле, публічна не паведамлялася).

Ігар Ляшчэня напісаў у сацсетках, што яшчэ два месяцы таму сышоў з кіраўніцтва платформы «Сход», учора ён зрабіў гэта афіцыйна.

«Сход» мог мець сэнс, як дзеючая ў прававым полі грамадзянская ініцыятыва для тых, хто знаходзіцца ў Беларусі, — патлумачыў Ляшчэня. — Многія вылучаліся ў дэлегаты, таму што паверылі, што гэта бяспечна і легальна. І сапраўды, «Сход» ніколі не заклікаў да арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў. Але ён хутка ператварыўся ў пустую балбатню. Да абмеркавання ў прыгожай вокладцы сталі прымацца дастаткова правакацыйныя ідэі. Мае спробы патлумачыць сэнс правакацый мелі частковы поспех, а прапанаваны механізм адфільтроўвання такіх тэм не быў прыняты».

Ляшчэня падкрэслівае, што не збіраецца з’язджаць з Беларусі. Зрэшты, пасля тыдня на Акрэсціна ў статусе падазраванага не факт, што ён легальна можа гэта зрабіць. 

«Лічу, што не здзяйсняў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў у межах «Сходу». Цяпер, калі я знаходжуся дома, няправільна лічыць мяне палітвязнем», — заявіў Ігар Ляшчэня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0