Дзяніс Сакалоўскі неўзабаве пасьля выбараў 2020 году звольніўся зь «Белтэлерадыёкампаніі», дзе адпрацаваў больш за 10 гадоў. Сакалоўскага, як і іншых падазраваных па «справе Прэс-клюбу», таксама затрымалі 22 сьнежня 2020-га і абвінавацілі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў.
19 жніўня выйшлі на волю сябры «Прэс-клюбу» Юлія Слуцкая, Пётар Слуцкі, Сяргей Альшэўскі і Ала Шарко.
За кратамі па гэтай справе яшчэ застаецца Ксенія Луцкіна, якая звольнілася з БТ у канцы жніўня 2020 году, пасьля 15 гадоў працы на дзяржаўнай тэлевізіі. Карэспандэнтка была сярод тых, хто ўдзельнічаў у страйку на «Белтэлерадыё». У інтэрвію Свабодзе яна адкрыта расказала, што ня згодная з палітыкай кіраўніцтва кампаніі.





