Скрыншот з CNN

Скрыншот з CNN

Апазіцыя Венесуэлы не змагла дабіцца адстаўкі прэзідэнта Нікаласа Мадуры. Але і эканамічны стан краіны жудасны: грошы не ідуць у краіну з кепскай рэпутацыяй і пад санкцыямі, а людзі масава выязджаюць. Сілавыя структуры сфарміраваныя з дапамогай кубінскіх інструктараў па прынцыпе вернасці прэзідэнту, а не нейтральнасці. Улады падтрымліваюцца Масквой і Гаванай, а апазіцыя — Вашынгтонам і Мадрыдам.

Вось фон, на якім распачаліся перамовы ўладаў і апазіцыі Венесуэлы.

Гэта не першая спроба дыялогу, але, схіляюцца назіральнікі, самая абнадзейлівая.

Ранейшыя перамовы ў 2016 і 2019 гадах скончыліся нічым, бо ўлады выкарыстоўвалі іх для зацягвання часу, тады як апазіцыя чакала рэальных саступак.

Напярэдадні новых перамоў улады прапанавалі прадстаўнікам апазіцыі месцы ў Цэнтральнай выбарчай камісіі краіны напярэдадні мясцовых выбараў.

Перад пачаткам новых перамоў ішла доўгая кулуарная падрыхтоўка, выпрацоўванне фармату.

Месцам правядзення перамоў выбралі Мексіку — дэмакратычную краіну, але пры ўладзе ў якой левыя сілы, ідэйна блізкія з чавістамі.

Пасярэдніцай, якая арганізоўвае перамовы, стала Нарвегія. Гэтая краіна пасярэднічала і ў 2019 годзе (у 2016-м медыятарам выступаў Ватыкан). Канкрэтна арганізацыяй перамоў займаецца нарвежскі Цэнтр вырашэння канфліктаў. Ягоны дырэктар Даг Нюландэр у свой час адыграў цэнтральную ролю ў пасярэдніцтве між уладамі Калумбіі і партызанамі, у выніку чаго была скончаная 50-гадовая лакальная грамадзянская вайна.

Адрозненне гэтага этапу перамоў у тым, што абодва бакі выбралі па краіне-гаранце, якія маюць падтрымаць выкананне дасягнутых дамоўленасцей. Улады назвалі Расію. Апазіцыя спынілася на Нідэрландах.

Дэлегацыю ўладаў узначаліў спікер парламента (апазіцыя апошнія выбары байкатавала як несвабодныя) Хорхе Радрыгес.

Дэлегацыю апазіцыі ўзначаліў Херарда Блайд, юрыст, былы мэр аднаго з раёнаў Каракаса (у Венесуэле да нядаўняга сумленна лічылі галасы, а мясцовых кіраўнікоў абіраюць, і апазіцыя да апошняга мела большасць у парламенце і сваіх губернатараў і мэраў) і адзін з лідараў апазіцыйнай кааліцыі. Агулам у дэлегацыю апазіцыі ўвайшлі прадстаўнікі чатырох найбольшых апазіцыйных сіл.

Акрамя Нарвегіі і краін-гарантак, на перамовах прысутнічаюць назіральнікі ад іншых краін.

Прыярытэты апазіцыі — дарожная карта свабодных выбараў і дазвол на пастаўкі гуманітарнай дапамогі ў краіну праз недзяржаўныя арганізацыі. Прыярытэты ўладаў — зняццё санкцый ЗША і Еўрасаюза.

Імаверна, кампрамісам можа стаць узаемаабумоўлены працэс.

Месцам перамоў стаў Антрапалагічны музей Мехіка. 13 жніўня бакі падпісалі там стартавы мемарандум аб узаемаразуменні, які вызначае сем прыярытэтаў: «палітычныя правы для ўсіх; гарантыі сумленнага падліку галасоў усіх і каляндар правядзення выбараў пад міжнародным назіраннем; зняццё санкцый і аднаўленне кантролю над актывамі; павага да прававога канстытуцыйнага ладу; грамадска-палітычнае суіснаванне; адмова ад гвалту і кампенсацыя ахвярам гвалту; абарона нацыянальнай эканомікі і меры сацыяльнай абароны венесуэльскага народа; гарантыі рэалізацыі, маніторынгу і праверкі ўзгодненага».

Фіксуецца, што працэс будзе суправаджацца Расіяй і Нідэрландамі, а таксама групай «сяброўскіх краін», якія вызначацца дадаткова, сярод якіх, як чакаецца, будуць ЗША, Германія, Балівія, Турцыя, Канада.

«Мы гатовыя і маем волю да выпрацоўкі папярэдніх пагадненняў, якія дадуць нам надзею», — запэўніў Хорхе Радрыгес, кіраўнік дэлегацыі ўрада Венесуэлы, які падкрэсліў: «Мы ўжо ведаем, у чым мы не згодныя і як па-рознаму мы бачым наша жыццё і нашу будучыню. Праца заключаецца ў пошуку пунктаў судакранання, па якіх мы можам дасягнуць канкрэтных дамоўленасцяў».

Са свайго боку, кіраўнік апазіцыйнай дэлегацыі Херарда Блайд падкрэсліў: «Працэс будзе складаным, ён будзе праходзіць складана, узгадніць парадак дня і фармат было няпроста. На фоне дыяметральна процілеглых бачанняў сітуацыі пачынаецца трансцэндэнтны [які выходзіць за раней прынятыя рамкі — НН] працэс, які павінен прымусіць нас шукаць дамоўленасці па ўсіх пытаннях, якія мы збіраемся абмеркаваць», — цытуе заявы іспанскае выданне El Pais.

Даг Нюландэр, у сваю чаргу, нагадаў пра важнасць падтрымкі гэтага працэсу міжнароднай супольнасцю, роўна як і венесуэльскім грамадствам.

Крызіс у Венесуэле, сапраўды, набыў перманентны характар. Па падліках ААН, больш за пяць мільёнаў чалавек пакінулі краіну ў пошуках лепшага жыцця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0