Як аказалася, Ягор абвінавачаны па частцы 1 артыкула 342 КК — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Пасля ператрусу ён быў змешчаны пад варту і дагэтуль знаходзіцца на Валадарцы. 

Ягору 31 год. Ён нарадзіўся ва Украіне, бо на той час там праходзіў ваенную службу яго бацька, але вырас ён у Гомелі, там жа скончыў гімназію №56. Падчас вучобы асабліва цікавіўся замежнымі мовамі і гісторыяй — быў прызёрам гарадскіх і абласных алімпіяд. 

Ягор Вяршынін

Ягор Вяршынін

«З дзяцінства захапляўся чытаннем, аддаваў перавагу сучаснай літаратуры, займаўся вольнай барацьбой і цікавіўся футболам. Выбар ВНУ і спецыяльнасці (юрыдычны факультэт БДУ) быў яго самастойным рашэннем, роўна як і спецыялізацыі надалей (судова-пракурорска-следчая дзейнасць). У 2013-м ён скончыў юрфак, у 2016-м — магістратуру і абараніў магістарскую працу па тэме «Методыка расследавання падатковых злачынстваў», — кажа брат. 

Пасля сканчэння юрфака Ягор пайшоў служыць у Савецкі СК горада Мінска, пазней падняўся ў мінскі СК і, у выніку, у Цэнтральны апарат. 

«Ягор займаўся пераважна расследаваннем эканамічных злачынстваў, а ў 2019-м праз эмацыйнае выгаранне і пэўныя нюансы здароўя звольніўся са следчых органаў. Варта адзначыць, што за час службы ў Следчым камітэце ён быў узнагароджаны вялікай колькасцю грамат, дыпломаў і падзякаў», — кажа брат. 

Апошнім часам Ягор супрацоўнічаў з кампаніяй, якая займаецца зборам і аналізам звестак спартыўнай галіны. Актыўна вывучаў замежныя мовы, чытаў кнігі на англійскай. Планаваў рэалізаваць сябе ў IT.

«У СІЗА Ягор чытае шмат кніг. Зараз, напрыклад, Салжаніцына. Вывучае англійскую мову. На шпацырах займаецца спортам, наколькі гэта магчыма ў тых умовах, у якіх ён знаходзіцца. Піша лісты родным і сябрам», — кажуць сваякі.

Як Ягор ацэньваў падзеі ў краіне? 

«Ягор, як былы следчы, быў абураны ўзроўнем гвалту, які ўжываўся да грамадзян у жніўні 2020 як падчас іх затрыманняў, так і падчас наступнага іх утрымання ў ІЧУ і ЦІП на Акрэсціна, а таксама адсутнасцю прававой ацэнкі дзеянняў супрацоўнікаў, з боку якіх быў гвалт. Падчас службы Ягора да падазраваных па крымінальных справах, якія знаходзіліся ў яго ў вытворчасці, падчас затрыманняў неабгрунтаваная фізічная сіла не ўжывалася», — рэзюмуе брат. 

Ягор праходзіць абвінавачаным па «народным» арт. 342 КК (Арганізацыя ці ўдзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак).

Пісаць лісты можна па адрасе: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (СІЗА №1), Вяршыніну Ягору Андрэевічу. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0