На працягу месяца судамі былі вынесеныя прысуды ў дачыненні да прынамсі 107 чалавек па палітычна матываваных крымінальных справах.

У месцах несвабоды знаходзяцца 604 палітвязняў; іх колькасць працягвае павялічвацца.

14 ліпеня затрыманыя і змешчаныя пад варту яшчэ трое сябраў ПЦ «Вясна»: старшыня арганізацыі Алесь Бяляцкі, сябра Рады ПЦ «Вясна», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, юрыст, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзімір Лабковіч. Акрамя іх у СІЗА знаходзяцца каардынатарка валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова, сябра ПЦ «Вясна», кіраўнік Цэнтра стратэгічнай цяжбы Леанід Судаленка, валанцёры «Вясны» Таццяна Ласіца і Андрэй Чапюк. Яшчэ некалькі сябраў арганізацыі ў ліпені былі затрыманыя на розныя тэрміны. Палітыкі і праваабаронцы, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі выступілі з рэзкай крытыкай атакі уладаў на арганізацыі грамадзянскай супольнасці і ў прыватнасці на ПЦ «Вясна» і яго супрацоўнікаў.

У ізалятарах і калоніях працягваюць утрымлівацца не менш як 26 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ.

На працягу ліпеня ўладамі ў адміністрацыйным парадку былі ліквідаваныя больш за 50 некамерцыйных арганізацый, а ў дачыненні да шэрагу грамадскіх арганізацый распачаты працэс пазбаўлення рэгістрацыі ў судах.

Усяго за ліпень судамі накладзена не менш як 27 штрафаў на агульную суму 1809 базавых велічынь (каля 52,5 тысяч рублёў) і не менш як 58 адміністрацыйных арыштаў агульнай працягласцю ў 932 сутак. Маюцца звесткі аб затрыманні не менш як 327 чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0