Па звестках на канец ліпеня, першым кампанентам у нас вакцынавалася 14% насельніцтва, двума — 9,1%. Улады спрабуюць паскорыць працэс.

Рабочых заахвочваюць прэміямі. На МТЗ вакцынаваным абяцаюць па 80 рублёў, на прадпрыемстве «Газпрам трансгаз Беларусь» — па 150 (нават тым, хто ўвёў толькі першы кампанент). Мінскі маторны завод сярод вакцынаваных збіраецца праводзіць розыгрышы — можна атрымаць ад 100 да 1000 рублёў.

Падобнае, дарэчы, практыкуецца і ў Расіі, дзе ў «антыкавідных» латарэях прызамі становяцца машыны і кватэры. 

Сярод медыкаў уводзяць планы па колькасці прышчэпленых. Але «Нашай Ніве» вядомы выпадкі, калі дактары вакцынаваныя толькі на паперы. Куды тады дзяваецца вакцына, калі за кожную ампулу трэба справаздачыцца? Часам даходзіла да таго, што ўкол рабілі проста ў ватку.

Чаму насельніцтва так неахвотна ідзе на гэта?

«Магчыма, і кавід-дысідэнцтва сыграла ролю, — дзеліцца назіраннямі былы галоўны доктар 3-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы Максім Ачарэтній. — Я, можа, не вельмі папулярнае меркаванне агучу. Сацыяльныя і медыцынскія рэчы мусіць рэкламаваць дзяржава. А гэта ўсё скінулі на дактароў. Так, у медыкаў ёсць абавязак праводзіць санэпідпрацу, вядзецца журнал — колькі было сустрэч, круглых сталоў. Але ў дактароў ёсць іншая праца, гэта не павінна класціся на іх плечы.

Я бачыў, як гэта робіцца ў некаторых краінах Еўропы. Не толькі па тэматыцы вакцынацыі. У Іспаніі па ТБ была сацыяльная рэклама пра донарства органаў. Яна была зроблена прыгожа, прафесійна, і людзі звярталі ўвагу. Сэнсу, што я збяру трох чалавек і пачну казаць, як важна прышчапіцца. Ці пагражаць, што ў адваротным выпадку я ім не дам прэміі. На мой погляд, на рэкламе вакцынацыі эканомяцца сродкі».

А вось бонусы за прышчэпку, кажа доктар, добрая ідэя.

«Людзі баяцца новых вакцын, гэта цалкам нармальна. Я б назвала б яшчэ некалькі прычын — недавер да дзяржструктур, адсутнасць альтэрнатывы ў вакцынах (многія б прышчапіліся платна вакцынамі, якіх няма ў нас у краіне).

Ну і людзі не любяць, калі іх прымушаюць, хоць цяпер шмат лекцый чытаем на прыдпрыемствах і расказваем людзям пра важнасць вакцын», — выказала меркаванне эпідэміёлаг адной з мінскіх медустаноў.

Сацыёлаг Таццяна Вадалажская лічыць, што адзін з галоўных фактараў, чаму людзі не вельмі хочуць рабіць прышчэпкі, — недавер да ўлады.

«Даследаванне, якое Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі рабіў у 2020 годзе пасля першай хвалі каранавіруса, паказала, што 71% апытаных не верыць афіцыйным лічбам па смяротнасці ад кавіду, лічыць, што такіх выпадкаў больш. І гэта яшчэ да палітычнага крызісу. А за год сфарміравалася вялікая падстава для недаверу да ўсяго, што дзяржаўныя інстытуты прапагандуюць». 

Эксперт згадвае, як на першых этапах пандэміі ўлады адмаўлялі сур’ёзнасць праблемы. Яна тлумачыць, як гэта паўплывала на паводзіны беларусаў:

«Людзі лічаць, што прапановы, якія робіць дзяржава, выкліканы іншымі прычынамі, чым клопат пра бяспеку грамадства. Думаюць у духу «нейкую вакцыну трэба хутчэй збыць, таму нас заклікаюць прышчапіцца».

Пасля выбараў дадаўся і палітычны складнік. Многія хвалююцца, ці не будуць яны арыштаваныя, ці не прыйдуць да іх з вобшукам. І гэта падаецца больш небяспечным, чым захварэць, і адсоўвае страх перад каранавірусам і жаданне вакцынавацца.

«Гэты ж палітычны складнік уплывае на тое, што людзі не будуюць доўгатэрміновых планаў. Фактычна прагматычных выгад ад вакцынацыі — напрыклад, паехаць кудысьці ў адпачынак — няма.

І гэта вельмі зніжае матывацыю ісці прышчэплівацца», — дадае Таццяна Вадалажская.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0