У судзе Ленінскага раёна 29 ліпеня паўторна разгледзелі справу ў дачыненні да Ірыны Новік, рэдактаркі спецпраектаў Hrodna.life. Яе прызналі вінаватай у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Першы раз справу журналісткі разглядалі 3 чэрвеня. Рашэнне таго пасяджэння было адменена абласным судом пасля скаргі журналісткі на парушэнне права на абарону.

На паўторным разглядзе суддзя Руслан Гурын вынес такі самы штраф, як раней прызначала суддзя Алена Пятрова, — 25 базавых велічыняў (725 рублёў).

Новы працэс па гэтай справе прайшоў у адсутнасці журналісткі. Па стане здароўя Ірына Новік пакінула краіну, каб прайсці курс лячэння за мяжой. Яе просьбу адкласці разгляд справы да вяртання ў Беларусь суддзя Руслан Гурын адхіліў.

Журналістку асудзілі паводле артыкула 19.11 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую дзейнасць»). За тое самае парушэнне пакаралі і рэдакцыю сайта — 18 чэрвеня суддзя Ганна Ляусік вынесла максімальны штраф у 500 базавых велічыняў (14 500 рублёў).

За што судзілі Ірыну Новік

Распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў суд палічыў памылкова размешчанае на сайце Hrodna.life фота с лагатыпам Telegram-канала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім. Памылку заўважылі праз некалькі гадзін і выдалілі фота. За гэты час здымак з «экстрэмісцкім» лагатыпам паспеў заўважыць намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Андрэй Пігульскі. Ён праходзіў сведкам па справе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0