«Можа, на заканадаўчым узроўні зрабіць так, каб святары маглі выкладаць, вучыць дзяцей у школах? — спытаў журналіст у кіраўніка БПЦ. — Гэта і дэфіцыт настаўніцкіх кадраў на сяле будзе вырашаць, плюс дадатковы заробак і выхаванне падрастаючага пакалення. Думаю, праваслаўныя святары дрэннаму школьнікаў не навучаць».

«Цяпер мы сумесна з Міністэрствам адукацыі разглядаем магчымасць і перспектывы атрымання нашымі святарамі ці выпускнікамі духоўных школ дадатковай адукацыі педагагічнай ці праходжання курсаў, што дало б такую магчымасць», — адказаў мітрапаліт.

Ён дадаў, што да гэтага пытання трэба падыходзіць удумліва, але рэалізаваць ідэю магчыма.

Ці значыць гэта, што святары будуць выкладаць у звычайных вясковых школах і заменяць там настаўнікаў, якіх не хапае, напрыклад, па фізіцы ці матэматыцы?

Па каментар «Наша Ніва» звярнулася да Фёдара Поўнага, старшыні сінадальнага аддзела па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі.

«Я размаўляў з Уладыкам пасля інтэрв’ю. Ён меў на ўвазе іншае — нядзельныя школы пры прыходах, дзе меў бы месца педагагічны падыход. Зразумейце, не кожнага святара можна адправіць выкладаць. У цэлым я маю меркаванне, што адукацыя мусіць быць выключна свецкай», — патлумачыў ён.

Па законе, не любы дыплом дае права працаваць настаўнікам. Трэба мець вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную педагагічную адукацыю (гэта прапісана ў Адзіным кваліфікацыйным даведніку пасад служачых). Іншы варыянт — чалавек, які пасля ўніверсітэта атрымаў іншую прафесію, можа прайсці перападрыхтоўку па педагагічных профілях. Яна, як правіла, праводзіцца ў ВНУ завочна і займае каля двух гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0