Захапіць уладу

Калі чалавек жыве ў складаны час, то ў яго немінуча можа ўзнікнуць жаданне, што прыйдзе хтосьці і скажа, што толькі ён здольны вырашыць усе праблемы грамадства. Менавіта гэта найлепшая глеба для дыктатараў. Да 20 гадоў Гітлер быў мастаком-няўдачнікам без грошай і сяброў, але ён быў упэўнены ў сабе і вельмі самазакаханы, таму не сыходзіў з абранай дарогі.

Так было ў Германіі, прыніжанай Першай сусветнай вайной, збяднелай ад сусветнага крызісу 1920-х. Людзі прагнулі моцнай рукі, на якую яны маглі б разлічваць. Так і з’явіўся Адольф Гітлер. 

Талент тыранаў — знайсці крыніцы крыўды народа і паабяцаць паквітацца з гэтымі крыўдзіцелямі.

Гітлер трансляваў поўнае трызненне, што банкіры з Уол-Стрыта і камуністы з Масквы — гэта частка адной яўрэйскай змовы. Калі ён прыходзіць да ўлады, то прыхільнікаў НСДП яшчэ не падаўляльная большасць, але ён хутка разбіраецца з тагачасным прэзідэнтам Германіі, душыць грамадзянскія свабоды і знішчае апазіцыю. Задача Гітлера пераканаць людзей, што гэта не падпарадкаванне, а адзінства.

Адзін з аспектаў поспеху Гітлера — гэта спроба пераканаць, што ён адзін з вас. Просты чалавек з народа, да такога трука звярталіся многія тыраны. Славутыя вусы Гітлера — гэта таксама не проста так, такія ў той час насілі многія мужчыны з ніжэйшага і сярэдняга класаў.

Гітлер быў перакананы, што для замацавання ўлады патрэбныя новыя яркія сімвалы, таму і была створаная свастыка, а людзям прапаноўвалася насіць уніформу. Таксама адзін з найбольш прадумлівых учынкаў фюрэра, быць часткай адзінага цэлага хацелася многім. І калі вам здаецца, што ўстаяць ад гэтай спакусы было вельмі проста, то зусім не.

Ліквідаваць супернікаў

Садам Хусэйн, 1988. Фота AP

Садам Хусэйн, 1988. Фота AP

Дыктатар Ірака Садам Хусэйн усё жыццё пражыў па прынцыпу: «Забівай, ці будзеш забіты ты». Любы, у кім тыран падазраваў свайго патэнцыйнага суперніка, павінен быў памерці.

Сам Хусэйн прыйшоў да ўлады, калі шантажом прымусіў сысці ў адстаўку свайго сваяка Аль-Бакра. Але ён разумеў хісткасць становішча, таму вельмі хутка пачаліся чысткі ва ўладных эшалонах. І гэта не навінка: напрыклад, тое ж зрабілі з былымі саюзнікам Мао Цзэдун у Кітаі і Фідэль Кастра на Кубе. 

Ужо на шосты дзень кіраўніцтва Хусэйн збірае вялікі сход сваёй партыі БААС, дзе кажа, што ў зале шмат здраднікаў. У гэты момант на трыбуну ўздымаецца адзін з кіраўнікоў партыі, які прызнаецца, што ўдзельнічаў у змове супраць Хусэйна. Пачынае называць прозвішчы іншых «змоўшчыкаў», якіх арыштоўваюць проста ў зале. Вядома, гэта быў спектакль, а чалавека, які гэта агучваў, шантажавалі забойствам і згвалтаваннем жонкі і дзяцей. У выніку было арыштавана больш за 60 чалавек, каля 20 прысудзілі да расстрэлу, які выканаць павінны былі тыя, каму пакінулі жыццё.

Былы прэм’ер Ірака Ан-Наіф лічыўся дастаткова папулярным у краіне палітыкам, ён збег ад рэпрэсій у Вялікабрытанію, але людзі Хусэйна адсачылі палітыка там і забілі. Гэта быў сігнал усім чыноўнікам, што Садам вас усё адно знойдзе.

Хусэйн любіў прыніжаць сваіх чыноўнікаў, ён лічыў, што так яны лепш засвояць правілы гульні. Аднойчы ён сабраў увесь урад у аўтобусы і павёз у невядомым кірунку. Людзей згрузілі ля дома, забралі ўсе рэчы і некалькі гадзін трымалі ў няведанні. Тады з’явіўся Хусэйн і прапанаваў усім сесці за багаты стол, але тым самым ён паказаў, што наступны раз усё можа скончыцца для іх не так добра.

І самым апафеозам разборак Хусэйна з унутранымі ворагамі стала забойства зяцяў дыктатара, якія перад гэтым уцяклі ў Іарданію. Багдад абяцаў ім усё дараваць, і яны паверылі. У выніку трупы братоў Камеляў прывязалі да аўтамабіля і цягалі па ўсёй сталіцы. Калі Хусэйн так можа паступіць з амаль роднымі, то што ён зробіць з сапраўднымі ворагамі?

Кіраваць з дапамогай тэрору

Ідзі Амін

Ідзі Амін

Але для тырана мала застрашыць паплечнікаў. Важна, каб пастаянны страх адчуваў і народ. Тут адзначыўся колішні дыктатар Уганды Ідзі Амін, якога ў тагачаснай прэсе называлі «Вялікі Бацька».

Калі вас баяцца, то вы кантралюеце ўсё, гэтым правілам і кіраваўся Амін. «Сіла — гэта добра, сілу паважаюць усе», — казаў ён.

За восем гадоў кіравання Аміна было забіта больш за 300 тысяч угандзійцаў. Праз шэсць месяцаў ад прыходу яго да ўлады пачаліся чысткі вайскоўцаў, забівалі нават амерыканскіх журналістаў. У краіне былі створаныя сапраўдныя катавальні.

Пры гэтым хтосьці ўважліва сачыў, каб з такіх турмаў заўсёды маглі ўцекчы некалькі чалавек, якія і распаўсюджвалі чуткі пра зверствы рэжыму, каб страх быў яшчэ большым. 

Кантраляваць праўду

Іосіф Сталін

Іосіф Сталін

Іосіф Сталін пераўзышоў і Хусэйна, і Аміна, яму было мала тэрарызаваць сваіх паплечнікаў і народ, ён хацеў кантраляваць розумы грамадзян. У Оруэла існуе цытата: «Хто кантралюе мінулае, той кантралюе будучыню». І Сталін абраў сабе такую тактыку. Гістарычна вядома, што Ленін ставіўся да Сталіна з недаверам, лічыў яго празмерна жорсткім, але пасля смерці правадыра пралетарыяту Сталін пераканаў усіх, што быў блізкім да Леніна. У ход пайшоў іх сумесны здымак, які скадравалі, наблізілі іх адзін да аднаго, а Сталіна вывелі крыху наперад. Гэта быў адзін з першых фаташопаў у гісторыі, а таксама пачатак кантролю за праўдай. 

Дапамагалі Сталіну ў гэтым не толькі верныя паплечнікі, але і многія людзі на Захадзе. Тыя, каго Ленін называў «карыснымі ідыётамі». Многія левыя інтэлектуалы лічылі, што СССР сапраўды з’яўляецца добрай альтэрнатывай капіталістычнаму свету. Сталінам і СССР захапляліся такія пісьменнікі як Бернард Шоу, Герберт Уэлс, Жан-Поль Сартр і іншыя, іх павазілі па вялізнай краіне, дэманструючы дасягненні СССР, а потым гэта транслявалася на заходні свет.

Больш за тое, Сталін падкупіў журналіста New York Times у Маскве Уолтара Дзюранці, які не проста пісаў захопленыя тэкст пра СССР, але яго нават у разгар галадамора адвезлі ва Украіну, адкуль журналіст напісаў, што нічога надзвычайнага там не адбываецца. У выніку за свае нататкі з Саюза Дзюранці нават атрымаў Пулітцараўскую прэмію.

Сталін разбурыў усе грамадзянскія інстытуты, якія хоць крышачку былі небяспечныя для яго, як царква. Але мала было задушыць рэлігію, патрэбна было стварыць сваю. Так замест рэлігійных святаў узнікаюць савецкія — 1 мая і 7 лістапада. З’яўляюцца нават свае мучанікі, як Паўлік Марозаў. Няважна, што ўсё было крыху не так, як падавала прапаганда, важна было, што з гэтага засвояць людзі. Партыя і Сталін рашалі ў той час галоўнае, што ёсць праўдай, якую яны цалкам пераасэнсавалі для сваіх грамадзян.

Стварыць новае грамадства

Муамар Кадафі

Муамар Кадафі

Самыя небяспечныя тыраны сапраўды лічаць, што ствараюць лепшы свет. Лівійскі дыктатар Муамар Кадафі так хацеў змяніць грамадства вакол сябе, што пачаў верыць ва ўласныя выдумкі. 

Кадафі — гэта той яшчэ персанаж. Чалавек узяўся зніадкуль, быў сынам простых пастухоў-бедуінаў, а каб выбрацца наверх стаў вайскоўцам. Ужо ў 26 гадоў ён скідае манархію ў Лівіі і ўзначальвае адну з найбагацейшых на карысныя выкапні краін Афрыкі. Кадафі быў сквапным, прадажным, ён насіў дзіўнае адзенне і жыў у палатках у пустыні. Ягоныя выхадкі шакавалі ўвесь свет. Мабыць, спачатку ягоныя намеры сапраўды былі добрымі, але з часам усё гэта пераўтварылася ў жорсткую дыктатуру.

Кадафі хутка забараніў свабоду слова і сходаў, прафсаюзы і забастоўкі. Яму было мала быць кіраўніком, а хацелася стаць айцом нацыі. Ён напісаў дзіўную «Зялёную кнігу» — выпадковы набор думак, якая стала галоўнай кнігай лівійцаў на доўгія гады. Гісторыя Лівіі выкладалася толькі з моманту прыходу да Кадафі, была забароненая геаграфія і замежныя мовы. Затое кожная сям’я ў краіне мусіла вырошчваць курак, бо ў прадуктовай бяспецы дыктатар бачыў гарантыю суверэнітэта. На дзяржаўныя святы ён не адмаўляў у задавальненні павесіць кагосьці са сваіх праціўнікаў. 

Кадафі спансіраваў тэрарыстычны рух ва ўсім свеце. За яго грошы здзяйсняліся пакушэнні на амерыканцаў і іх прадстаўніцтвы ў свеце. Амерыка бамбіла Лівію, але скінуць Кадафі было не так проста, калі ў краіне столькі нафты, якая ішла на продаж. 

Муамар зладзіў грандыёзны праект штучнай ракі, калі праз трубы пусціў ваду з поўдня краіны ў пустынную поўнач. Гэта быў незвычайны чалавек. Напрыканцы свайго кіравання ён нечакана мяняе палітыку, дазваляе свабоду сходаў, прэсу. Магчыма, тыран размяк перад старасцю, што і стала яго фатальнай памылкай.

Кіруйце вечна

Кім Чэн Ір, 2001

Кім Чэн Ір, 2001

Але далей за ўсіх у сваёй тыраніі прасунулася дынастыя Кімаў у Паўночнай Карэі. Яны кіруюць краінай ужо ў трэцім пакаленні. КНДР пераўтвораная ў краіну-турму, і ніхто з гэтым нічога не можа зрабіць. Кім Ір Сэну атрымалася зрабіць тое, што не змаглі ніхто з гэтага спісу — утрымаць уладу і пасля смерці. 

Улада ў КНДР вельмі падобная да рэлігіі, дзе багамі з’яўляюцца Кімы. Нездарма Кім Чэн Ір нават выдумаў легенду, што ён нарадзіўся на святой для карэйцаў гары Пэкту, хаця насамрэч у савецкай Расіі. Пра яго гавораць, што ён навучыўся хадзіць у тры тыдні, а чытаць у восем, ён настолькі дасканалы, што яму нават не трэба хадзіць у прыбіральню. 

Кімы зрабілі важныя крокі да вечнай улады, яны ізалявалі сваю дзяржаву цалкам ад усяго свету, а потым зрабілі Паўночную Карэю ядзернай дзяржавай. Свету прасцей суіснаваць з такім людажэрскім рэжымам, чым рызыкаваць пачаць ядзерную вайну. 

Нават страшэнны голад 1990-х ніяк не паўплываў на ўладу Кімаў. Пакуль тысячы людзей паміралі ад таго, што ім не было чаго есці, Кім Чэн Ір спакойна закупаўся ў год каньяком на 800 тысяч даляраў. Галодным людзям складаней паўставаць, бо яны думаюць не пра ўладу, а толькі пра ежу. Нават з гэтага Кімы знайшлі выгаду для сябе. І на сёння абсалютна незразумела, калі можа прыйсці канец гэтай дыктатуры. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0