Фота з партала then24.com

Галоўны кінаагляд свету вяртаецца на бульвар Круазэт: сёння ў французскіх Канах адкрываецца 74-ы Канскі кінафестываль. Летась праз эпідэміялагічную сітуацыю ён быў адменены. Сёлета ж, хоць і з абмежаваннямі, дырэкцыя ладзіць публічныя паказы, арганізоўвае чырвоныя дарожкі і запрашае зорных гасцей.

У праграме фестывалю больш за шэсцьдзясят кінакарцін, з якіх дваццаць чатыры ўдзельнічаюць у конкурсе. Некаторыя з іх публіка чакае з пазамінулага года. Напрыклад, мюзікл «Анэт» французскага рэжысёра Леоса Каракса, што сёння стане фільмам адкрыцця.

Канскі кінафестываль таксама пакажа стужкі Уэса Андэрсэна, Міі Хансэн-Лёвэ, Бруна Дзюмона, Ільдзіка Эньедзі, Асгара Фархадзі. З рускамоўных аўтараў у праграму трапілі Сяргей Лазніца, Кірыл Сярэбранікаў, Аляксей Герман-малодшы.

Летась фестываль хоць і быў адменены, дырэкцыя тым не менш абвясціла праграму з больш як пяцідзесяці карцін. Тая не магла быць паказаная цалкам на Блакітным беразе, але меркавалася, што адабраныя фільмы разыдуцца па іншых фестывалях і ў кінапракаце з пазнакай «Каны-2020». Да мінулага года кінаагляд адмяняўся толькі аднойчы — у 1939-м, у 1968 годзе студэнцкія хваляванні спынілі яго ў працэсе.

Старшынёй журы Асноўнага конкурсу сёлета з’яўляецца амерыканскі рэжысёр Спайк Лі — яго можна ўбачыць на постары фэсту. А спецыяльным госцем цырымоніі адкрыцця стане Пон Джун-хо — аўтар фільма «Паразіты», які атрымаў «Залатую пальмавую галіну» на апошнім Канскім кінафестывалі, а пасля ўхапіў адразу чатыры «Оскары».

Канскі кінафестываль праходзіць з 6 да 17 ліпеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0