Як сцвярджаюць нідэрландскія навукоўцы, хворым на кавід, калі яны маюць ката ці сабаку, варта нейкі час пазбягаць сваіх свойскіх жывёл. Хаця ў такіх выпадках вірус часта перадаецца жывёлам, не гэта турбуе навукоўцаў, бо такая з’ява не нясе вялікай рызыкі грамадскаму здароўю. У дадатак, сімптомы кавіду ў жывёл ці ўвогуле не праяўляюцца, ці праяўляюцца ў слабай форме.

Медыкаў больш хвалюе патэнцыйная рызыка таго, што вірус можа захоўвацца ў арганізмах жывёл і потым нанава перадавацца людзям. Пакуль што прыкладаў такой перадачы не было зафіксавана, таму эксперты лічаць, што свойскія жывёлы наўрад ці граюць нейкую ролю ў распаўсюджванні хваробы, піша Guardian.

Даследаванне, што дазволіла рабіць такія высновы, было прадстаўленае на Еўрапейскім кангрэсе клінічнай мікрабіялогіі і інфекцыйных хвароб. На тым жа мерапрыемстве прагучалі вынікі іншай працы, выкананай канадскімі навукоўцамі. Згодна з ёй, кошкі, што спяць на ложку іх уладальніка, могуць падвяргацца павышанай рызыцы захварэць на кавід.

Аўтары гэтай працы рэкамендуюць не падпускаць хворых на кавід жывёл не толькі да людзей, але і да іншых свойскіх жывёл. Яны таксама не выключаюць магчымасці таго, што вірус можа перадавацца паміж жывёламі ці ад жывёл людзям.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0