vancouversun.com

Па словах афіцыйных асоб, тэмпература паветра ў Літане ў Брытанскай Калумбіі ў нядзелю паднялася да 46,6 градусаў Цэльсія, пабіўшы 84-гадовы рэкорд, піша Бі-бі-сі.

Так званы «цеплавы купал» — нерухомая зона высокага ціску, якая дзейнічае нібы накрыўка над рондалем, — абнавіў рэкорды і ў іншых раёнах.

Улады ЗША і Канады папярэдзілі грамадзян аб небяспечнай спёцы, якая можа захоўвацца аж да выходных.

Зона высокага ціску раскінулася ад Каліфорніі да арктычных тэрыторый Канады і распасціраецца ўглыб кантынента да Айдаха.

У гарадах на ўсю моц працуюць кандыцыянеры і вентылятары, з'явіліся спецыяльныя зоны для ахаладжэння.

Некаторыя бары і рэстараны — і нават адзін басейн — часова зачыніліся, бо ўнутры занадта горача.

Літан, які знаходзіцца прыкладна ў 250 км на паўночны ўсход ад Ванкувера, на паўтара градуса пабіў папярэдні канадскі рэкорд: у ліпені 1937 года ў гэтых краях стаяла 45-градусная спёка.

Больш за 40 іншых месцаў у Брытанскай Калумбіі таксама абнавілі тэмпературныя рэкорды.

Старшы кліматолаг Міністэрства аховы навакольнага асяроддзя Канады Дэвід Філіпс сказаў у інтэрв'ю тэлекампаніі CTV: «Заўсёды прыемна пабіць рэкорд, але гэты рэкорд не проста пабіты — ён разбіты дашчэнту. У некаторых частках Заходняй Канады гарачэй, чым у Дубаі».

Філіпс лічыць, што і 47 градусаў — не мяжа.

Электраэнергетычныя кампаніі Брытанскай Калумбіі кажуць аб рэзкім росце спажывання энергіі, што нядзіўна, паколькі адначасова працуюць усе кандыцыянеры, якія яшчэ могуць функцыянаваць.

Міністэрства навакольнага асяроддзя Канады заявіла, што Альберта і некаторыя часткі Саскачавана, Юкона і Паўночна-Заходніх тэрыторый таксама павінны рыхтавацца да анамальнай спёкі.

Сіноптыкі Міністэрства прагназуюць, што «на гэтым тыдні захаваецца працяглае, небяспечнае гарачае надвор'е» з тэмпературамі на 10-15 градусаў вышэй за норму, а ў многіх месцах — каля +40.

Паўночны захад Ціхага акіяна — штаты Вашынгтон і Арэгон у ЗША — таксама б'е рэкорды.

Нацыянальная метэаралагічная служба ЗША назвала анамальную спёку «гістарычнай» і заявіла, што яна прастаіць на працягу тыдня, пры гэтым, верагодна, будуць устаноўлены шматлікія новыя тэмпературныя рэкорды дня, месяца, а магчыма, і абсалютныя.

Сіэтл і Портленд — нязменныя аб'екты жартаў пра дажджлівае надвор'е, — могуць аказацца сярод гэтых рэкардсменаў: у абодвух гарадах тэмпература ўжо дасягнула адзнакі ў 40 градусаў Цэльсія.

Арэгон аслабіў абмежаванні ў сувязі з каранавірусам, адкрыўшы басейны і зоны з кандыцыянаваннем паветра, у прыватнасці некаторыя гандлёвыя цэнтры. У той жа час у Сіэтле прыйшлося закрыць адзін басейн з-за «небяспечных» тэмператур унутры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0