Эдуард Бабарыка, сын экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі, экс-кіраўніка «Белгазпрамбанка» Віктара Бабарыкі больш за год знаходзіцца ў СІЗА. За гэты час ён навучыўся «класна маляваць», пачуваецца нармальна, паведаміў адвакат ягонага бацькі Дзмітрый Лаеўскі ў панядзелак, піша Інтэрфакс.

«Эдуард Бабарыка ў СІЗА пачуваецца нармальна, бадзёра. Дзіка гэта казаць у дачыненні да чалавека, які год пад вартай. Але бачу, якія новыя навыкі набыў Эдуард. Ён класна навучыўся маляваць… Яны не самі выбіралі, дзе ім апынуцца. Апынуліся там супраць волі. Значыць, трэба не здавацца», — сказаў Лаеўскі.

Ён растлумачыў, што Эдуард Бабарыка не праходзіць «па справе Белгазпрамбанка», хоць яго імя на працэсе гучала неаднаразова. «Але ёсць нейкая зыходная справа, з якой усё пачалося, у сувязі з якой пад вартай знаходзіцца і Эдуард і шмат іншых людзей. Частка з іх на працэсе «па справе» Белгазпрамбанка» выступалі сведкамі», — дадаў адвакат.

Вынік гэтага судовага разбору, па думку Лаеўскага, «можа быць толькі добрым». Ён лічыць, што абарона экс-банкіра прадставіла на судзе аб'ектыўны аналіз, які абвяргае абвінавачванні, выстаўленыя супраць Бабарыкі.

Як паведамлялася, Эдуарду Бабарыка пагражае да 5 гадоў абмежавання волі. Ён быў кіраўніком перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі. Яго разам з бацькам затрымалі і змясцілі ў СІЗА КДБ 18 чэрвеня 2020 года. Эдуард Бабарыка абвінавачваецца па ч. 2 арт. 243 (Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) КК Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0