«Я «заехаў» на хімію гэтай вясной. Папраўчая ўстанова адкрытага тыпу, куды мяне накіравалі, знаходзіцца на адлегласці некалькіх сотняў кіламетраў ад майго роднага горада.

Назіраючы за іншымі палітычнымі зняволеным, я зразумеў, што ўсіх мэтанакіравана накіроўваюць як мага далей ад дому, каб стварыць дадатковыя складанасці. Сям'я, малалетнія дзеці, пастаяннае месца працы і медыцынскія супрацьпаказанні значэння не маюць.

Мяркую, ёсць такая ўстаноўка зверху, таму выпадкаў, калі палітычных пакідаюць у родным горадзе, я не ведаю.

Палітычныя тут значна адрозніваюцца ад традыцыйнага кантынгенту: матам не лаюцца, да агрэсіі не схільныя. Тым не менш усіх нас, незалежна ад наяўнасці парушэнняў рэжыму, на працягу двух тыдняў ставяць на прафулік. Па звестках, ёсць нейкая закрытая інструкцыя МУС для ўнутранага карыстання, якая рэгулюе пастаноўку на прафулік.

Палітычных сёння, па маіх назіраннях, на ўсіх хіміях ад 15 да 20%. Што прадугледжвае прафулік:

1. Адразу выдаюць жоўтыя біркі, якія ты абавязаны павесіць на ложак і на тумбачку. У простых зэкаў біркі не маюць колеру. У схільных да ўцёкаў чырвоная бірка.

2. Усіх, хто знаходзіцца на прафуліку, абавязваюць кожную гадзіну распісвацца ў камендатуры (адзначацца), пры гэтым трэба гучна, каб усе чулі, прамаўляць сваё прозвішча і фразу «схільны да экстрэмізму і дэструктыўных дзеянняў».

3. Асобы, якія стаяць на прафуліку, не маюць права без суправаджэння супрацоўнікаў пакідаць ВУАТ (выпраўленчая ўстанова адкрытага тыпу — «НН»). Нават па лекі і малако. Жадання кудысьці хадзіць з чалавекам на прафуліку ў адміністрацыі ўзнікае рэдка і пасля мноства просьбаў.

4. Таксама тым, хто знаходзіцца на прафуліку, складана патрапіць на УДВ (умоўна-датэрміновае вызваленне — «НН»). Думаю, гэтая мера з'яўляецца дадатковым фільтрам ад выхаду праціўнікаў дзейнай улады на волю. Па непацверджанай інфармацыі, ёсць указанне на палітычных УДВ шлях перакрыць, пад любой падставай, нават калі не будзе парушэнняў. Гэта зрабіць лёгка, таму што права вырашаць цалкам аддадзена начальніку ВУАТ, які проста прыйдзе да высновы «не стаў на шлях выпраўлення», не трэба нават тое абгрунтоўваць.

5. На кожным пастраенні «ўлікоўцы» павінны гучна пры ўсіх назваць прозвішча і сказаць «схільны да экстрэмізму і дэструктыўных дзеянняў». Такім чынам, адміністрацыя ВУАТ спрабуе вылучыць палітычных сярод астатняга крымінальнага кантынгенту з мэтай зняважыць.

Як праходзіць камісія на пастаноўку асуджанага на прафулік?

Сакратар камісіі, як правіла аператыўнік, робіць прадстаўленне на пастаноўку асуджанага да прафуліку. Збіраецца камісія, у нашым выпадку адміністрацыя ВУАТ, і галасуюць. Галасаванне фармальнае, ніякага разгляду справы няма, усё адбываецца аднагалосна. Тое, што гэта з'яўляецца парушэннем, супрацоўнікі не разумеюць.

Што тычыцца любых заяў ад зняволеных, магу сказаць наступнае: можна пісаць заяву, але яе могуць праігнараваць, заява ад асуджанага нідзе не рэгіструецца. Толькі з волі ёсць шанец. Такім чынам, становішча такое, што асуджаны можа толькі прасіць, шукаць ласкі ў начальства, «знаходзіць падыход». Тычыцца гэта ўсяго.

Часам прыязджаюць праверкі з УДВП, дзе пытаюцца, ці ёсць скаргі. Ніхто не скардзіцца, бо разумеюць, што ў лепшым выпадку, калі праверка з'едзе, табе не дадуць нож парэзаць каўбасу ці будуць праяўляць асаблівую ўвагу з відэакамерай, каб выпісаць парушэнне і адправіць у калонію на 3 гады. Нажы, дарэчы, нам не дазваляюцца, іх трэба прасіць у супрацоўніка кожны раз, калі трэба нешта адрэзаць. Супрацоўнік можа адмовіць, спаслаўшыся на занятасць, і будзеш сядзець галодны. Паклічуць на працу, так і паедзеш, не паснедаўшы. Такая сітуацыя задавальняе УДВП, ніхто не скардзіцца — значыць, усё добра. Я думаю, пра сутнасць таго, што адбываецца ў іх ведамстве, яны даведаюцца з тэлеграм-каналаў, калі хтосьці ўжо зробіць суіцыд або абвесціць галадоўку, калі дойдзе да краю.

Усім хімікам нельга ляжаць і сядзець на ложку з 06:00 да 22:00, толькі сядзець на табурэтцы. Ад гэтага мяккае месца дзеравянее. Гэта ж і з'яўляецца самым распаўсюджаным парушэннем.

Прыйшоў чалавек стомлены з працы, знялі, як ён ляжыць ці сядзіць на ложку на нагрудную камеру, і выпісалі парушэнне.

Пры гэтым, калі хто-небудзь з супрацоўнікаў уваходзіць, трэба ўставаць. Простаму сяржанту з вёскі гэты працэс вельмі падабаецца: ён заходзіць — і перад ім устаюць гэтыя ўсе інтэлігенты, якія сядзяць па палітычных артыкулах. Таму да нас за гадзіну могуць зайсці ў пакой па тры разы.

Што тычыцца працы, у нас гэта адзін вялікі калгас. Паляводу плацяць каля 60 капеек у гадзіну, што з'яўляецца ніжэй за мінімалку. Праца палявода заключаецца ў тым, каб ісці за трактарам і збіраць камяні. Адмовіцца ад працы нельга, гэта парушэнне. Знайсці працу самому не забаронена, але на практыцы такога не адбываецца, таму што адміністрацыя ВУАТ адмаўляе ў гэтым праве. Ім так прасцей. Абскардзіць такія адмовы нельга, таму што фармальна самому знайсці працу не забаронена, але ўсё на вырашэнне ВУАТ, якая не вырашае. Такая сітуацыя на ўсіх хіміях. Калі накіруюць жывёлаводам, там заработная плата большая за мінімалку.

Але тут ужо ёсць пару палітычных, якім два месяцы не даюць працу нават за гэтыя капейкі. Я думаю, што ёсць дамоўленасці паміж адміністрацыяй ВУАТ, якія пастаўляюць у калгас танную працоўную сілу. Для разумення, палітычныя працуюць на такіх работах, на якія нават мясцовыя сельскія жыхары не згаджаюцца працаваць. Ды і моладзі мясцовай тут мала, многія з'ехалі, і мясцовы калгас жыве за кошт рабскай працы асуджаных.

Гэта і ёсць пакаранне: не проста абмежаваць свабоду, але і паставіць асуджанага і яго сям'ю ў сацыяльна небяспечнае становішча, без самастойнага права выбару месца працы. Палітычным гэта асабліва цяжка, так як на волі большасць з іх была занята кваліфікаванай працай.

Што тычыцца медыцынскіх супрацьпаказанняў да той ці іншай працы. Супрацоўнікі ВУАТ перад працаўладкаваннем усіх возяць на медагляд, і яны ж знаходзяцца ў кантакце з мясцовай паліклінікай. Супрацоўнік ВУАТ, загадчык кадраў, усяляк імкнецца засцерагчы хімікаў ад зносін з медыкамі, каб апошнія не мелі магчымасць скардзіцца на здароўе, паказваць даведкі з волі з супрацьпаказаннямі да фізічнай працы. Камісія праходзіць такім чынам, што частка медыкаў можа падпісаць паперы, нават не гледзячы на пацыента. Пры гэтым я заўважыў, супрацоўнікі ВУАТ сумняваюцца ў лаяльнасці медыкаў, бо тыя могуць паставіць абмежаванні, якія дазваляюць пазбегнуць рабства.

Для прыкладу, тут працуе паляводам самы сапраўдны дзед, не ведаю, колькі яму гадоў, але ён стары. Дапамогі з волі яму чакаць няма адкуль, а за камендатуру трэба плаціць. Ёсць асуджаны з медыцынскімі абмежаваннямі да фізічнай працы, але без групы інваліднасці, ён 4 месяцы без працы. Робіць брудную працу, і яму скідваюць патроху тыя, хто працаўладкаваны, каб ён мог купіць сабе ежы.

Нядаўна быў выпадак вытворчай траўмы ў хлопца на працы. Так як ВУАТ сябруе з мясцовым калгасам-працадаўцам, хлопцу быў намёк, што будуць створаны непераадольныя цяжкасці, калі ён скажа, што траўма здарылася не за межамі вытворчасці.

Дарэчы, за камендатуру асуджаныя абавязаны плаціць у любым выпадку, нават калі ВУАТ не дае працу. Роўна як і купляць сабе прадукты, сродкі гігіены і іншае.

Лісты ў ВУАТ варта слаць толькі заказным лістом. У нас, палітычных, большасць простых лістоў знікае. Гэта не жарт, менавіта большасць. Даказаць ці спытаць з кагосьці немагчыма. У адміністрацыі ВУАТ паціскаюць плячыма і кажуць, што не атрымлівалі. Магчыма, у іншых хіміях сітуацыя іншая.

І напрыканцы маё суб'ектыўнае меркаванне: хімія сёння з'яўляецца месцам, дзе выкарыстоўваецца праца паднявольных людзей, у тым ліку палітвязняў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0