«Сёньня раніцай мы прывезьлі Волі перадачу ў Жодзіна, тое, што яна прасіла ў лісьце: агуркі, памідоры, цыбулю, салат, часнык, чорны хлеб. Перадачу ў нас не прынялі. Мы даведаліся, што яе зьмясьцілі ў карцар да 14 чэрвеня», — сказаў бацька Вольгі Андрэй Такарчук.

Бацькам сказалі, што нібыта Вольга парушыла правілы ўнутранага распарадку. У чым парушэньне, бацькам не патлумачылі. Магчыма, гэта стане вядома пасьля наведаньня адваката.

«Само па сабе пазбаўленьне волі — гэта шок. А карцар — гэта шок удвая», — сказаў бацька, былы супрацоўнік міліцыі. На маці дваіх непаўналетніх дзяцей, блогерку Вольгу Такарчук завялі справу па трох крымінальных артыкулах: 391-м (Абраза судзьдзі), 188-м (Паклёп) і 342-м (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

Блогерку чарговы раз затрымалі 19 траўня і адвезьлі ў Першамайскі РУУС, а 23 траўня яе арыштаваў пракурор Першамайскага раёну Менску. З ізалятару на Акрэсьціна яе перавялі ў турму №8 у Жодзіне.

У блогеркі Вольгі Такарчук двое непаўналетніх дзяцей — 3 і 7 гадоў.

Вольга Такарчук вядзе палітычны блог, які мае каля 37 тысяч падпісчыкаў.

Раней яе вінавацілі паводле адміністрацыйнага артыкулу нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Падставай былі яе блогі, а таксама тое, што яна запускала балёнікі з гаўбца кватэры. Блогерку ня раз затрымлівалі. Апошні раз схапілі 14 траўня і паўдня пратрымалі ў РУУС за тое, што яна нібыта махала рукамі і брыдка лаялася каля таго РУУС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?