Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Міхаіл Кірылюк, адвакат, пазбаўлены ў Беларусі ліцэнзіі, кажа, што ў сваёй практыцы чуў ад зняволеных сведчанні аб катаваннях.

— Я асабіста ведаю чалавека, якому ў выпадку адмовы ад супрацоўніцтва ў СІЗА ў Беларусі пагражалі групавым згвалтаваннем яго блізкага чалавека. Іншага яго блізкага пагражалі «выпадкова збіць аўтамабілем». І паколькі да моманту пагроз майго падабароннага збівалі, ён цалкам абгрунтавана лічыў гэтую пагрозу рэалістычнай, — кажа адвакат.

Іншы яго падабаронны, застаючыся з адвакатам сам-насам, шэптам паведамляў, што «яго білі суткі запар у спецыяльным гукаізаляваным пакоі», але прасіў абаронцу не выдаваць гэтую інфармацыю, баючыся, што яе апублічванне нашкодзіць.

— Мяркуючы па яго твары, чалавек быў гатовы на ўсё, толькі б тое, што з ім адбывалася, спынілася.

Па словах Міхаіла Кірылюка, следчы заяўляў, што калі чалавек не будзе прызнаваць віну, атрымае замест свайго бягучага абвінавачвання больш цяжкае.

— Пачуўшы такое і разумеючы, што пагроза закрытага суда і турэмнага тэрміну па фальшывым абвінавачванні можа быць рэалізаваная, людзі могуць пагадзіцца на многае, каб аблегчыць сваю долю. Мяркуючы па ўсіх знешніх прыкметах, якія я бачу ў прамове, міміцы, рэакцыях Рамана [Пратасевіча], да яго маглі ўжываць тыя ж самыя метады, — дадае Міхаіл Кірылюк. — Трэба разумець, што катаваннем, згодна з арт.128 КК з'яўляецца не толькі фізічнае ўздзеянне, але і сама пагроза яго прымянення да блізкіх, калі чалавек лічыць гэтую пагрозу рэалістычнай.

З'яўленне ў публічнай прасторы частак допыту зняволеных і інтэрв'ю, разыходзіцца з тым, што адвакаты даюць падпіску аб неразгалошванні і часам не могуць нават паведаміць, дзе знаходзіцца іх падабаронны. Міхаіл Кірылюк адзначае, што «таямніца следства» неабходная для таго, каб, напрыклад, абвінавачаны не перадаў патэнцыйным саўдзельнікам нейкую інфармацыю. Таксама яе ўжываюць для таго, каб выканаць правы пацярпелых, калі гаворка ідзе пра чыёсьці асабістае жыццё, аб палавых злачынствах, злачынствах супраць непаўналетніх.

— Аднак хіба ў справе Пратасевіча і іншых справах мы бачым адпаведнасць выкарыстання гэтай нормы дзеля гэтай мэты? Для мяне відавочна, што норма выкарыстоўваецца з зусім іншай мэтай, якая супярэчыць прынцыпу справядлівага разбору — з мэтай абцяжарыць адвакату аказанне юрыдычнай дапамогі затрыманаму, з мэтай абцяжарыць зносіны родных з затрыманым — і такім чынам, аказаць на яго ціск, — лічыць юрыст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?