Міністэрства фінансаў ЗША пацвярджае, што з 3 чэрвеня адновіць дзеянне рэстрыкцый у дачыненні да кампаній «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», «Белнафтахім» і яе амерыканскага філіяла праз інцыдэнт з самалётам кампаніі Ryanair 23 траўня. Пра гэта паведаміла агенцтва Bloomberg са спасылкай на прадстаўніка ведамства, піша ТАСС.
Агенцтва адзначае, што падпадуць пад санкцыі і «вытворца шын, прадпрыемства па вытворчасці угнаенняў, а таксама вытворца фарбаў».
Як заявіла ў пятніцу прэс-сакратарка Белага дома Джэн Псакі, ЗША разам з Еўрасаюзам і іншымі хаўруснікамі рыхтуюць санкцыі ў дачыненні да беларускіх службовых асоб. Паводле яе слоў, Мінфін ЗША рыхтуе выканаўчы ўказ, які пашырае паўнамоцтвы для ўвядзення аднабаковых захадаў супраць Мінска.
Ад 3 чэрвеня амерыканская адміністрацыя адновіць рэстрыкцыі ў дачыненні да дзевяці дзяржпрадпрыемстваў Беларусі, якія былі вызваленыя з-пад дзеяння санкцый серыяй генеральных ліцэнзій Мінфіна. Раней ЗША прыпынялі дзеянне санкцый, уведзеных у дачыненні да кампаній «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», «Белнафтахім» і яе амерыканскага філіяла, «Белшына», «Гродна Азот», «Гродна Хімвалакно», «Лакафарба», «Нафтан» і «Полацк Шкловалакно».





