Шэраваронка. Фота ptushki.org

Шэраваронка. Фота ptushki.org

Рэч у тым, што ў канцы мая і пачатку чэрвеня ў суседзяў чалавека — шэрых варон — птушаняты пакідаюць гнёзды. Але спачатку яны яшчэ нядобра лятаюць, і падлеткі могуць хавацца ў траве. Натуральна, іх бацькі прыглядаюць за імі і абараняюць іх ад патэнцыйнай небяспекі.

Калі каля вас з карканнем, хлопаючы крыламі, лётаюць вароны і нават спрабуюць дзеўбануць, ведайце, што недзе паблізу стаілася іх птушаня. Бацькі ўспрымаюць чалавека як пагрозу малому. Непрыемна? Вядома.

Але важна разумець: так бацькі клапоцяцца пра птушанят. І такія агрэсіўныя паводзіны ў іх ненадоўга.

Каб навучыцца лятаць, птушаняці шэрай вароны трэба ўсяго некалькі дзён, таму, калі вы сутыкнуліся з парачкай нервовых варон-бацькоў, ведайце: праз 3-4 дні яны пакінуць ваш двор.

Многія птушаняты выскокваюць з гнязда ўжо з распрацаванымі крыламі — тады ні варонам-бацькам, ні мінакам не даводзіцца хвалявацца.

Што рабіць, калі атакуюць шэрыя вароны?

Не хвалявацца: варона не можа сур’ёзна параніць чалавека, хаця падрапаць скуру можа.

Агледзецца: можа, каля дарогі ці сцежкі ў траве ляжыць птушаня. Тады можна перанесці яго на 20 метраў далей ад дарогі, дзе ходзяць людзі. Рабіць гэта трэба асцярожна, бо вароны будуць нападаць, калі ты возьмеш птушаня ў рукі. Захіні галаву парасонам або прыкрый капюшонам. Таксама варон можна адпужнуць вокрыкам.

Калі незразумела, чаму вароны атакуюць людзей на пэўным участку, можна павесіць на ўваходзе-выхадзе з гэтага ўчастка таблічку: «Асцярожна — шэрыя вароны. Лепей абыдзіце». АПБ падрыхтавала макет такой таблічкі ў двух варыянтах.

Ніякіх спецыялістаў, грамадскіх арганізацый, прыродных камітэтаў у такіх выпадках выклікаць не трэба: гэта звычайная прыродная з’ява, і сур’ёзнага ўмяшальніцтва яна не патрабуе. Не трэба помсціць варонам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0