Нагадаем, амбасадар Латвіі быў запрошаны ў Міністэрства замежных спраў Беларусі ў сувязі з «абразай дзяржаўнага сцяга Беларусі» ў Рызе. Пра гэта заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
Рэакцыю Мінска выклікала сітуацыя ў Рызе, дзе сёння мэр горада замяніў у шэрагу сцягоў краін-удзельніц Чэмпіянату свету дзяржаўны чырвона-зялёны сцяг на беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы.
Вострую рэакцыю Мінска маглі выклікаць таксама словы, якія мэр Рыгі напісаў у сваім твітары: «Сцяг, які сімвалізуе рэжым, які ажыццяўляе дзяржаўны тэрарызм, недарэчны ў гарадскім асяроддзі Рыгі — таму мы яго знялі!»
Чытайце таксама: У Рызе падчас правядзення ЧС па хакеі замянілі чырвона-зялёны сцяг на нацыянальны бел-чырвона-белы
Паслу Латвіі прапанавалі пакінуць Беларусь на працягу сутак.
«Амбасадару прапанавана пакінуць Беларусь на працягу 24 гадзін. Усяму дыпламатычнаму і адміністрацыйна-тэхнічнаму складу пасольства таксама прапанавана пакінуць Беларусь — на працягу 48 гадзін. Пакінуць тут аднаго адміністрацыйна-тэхнічнага супрацоўніка для догляду за будынкам», — сказаў міністр.
Таксама Макей адзначыў, што краіна «гатовая да сіметрычнага адказу Латвіі на ад'езд дыпламатаў».
Мэр Рыгі ўздымае беларускі нацыянальны сцяг. Фота з яго твітара





