Страшны пажар здарыўся ў вёсцы Сідаровічы на Мядзельшчыне 28 красавіка. Агонь ахапіў дом, дзе ў той момант былі два маленькія хлопчыкі: 12 і 2 гадоў. Рома Кагадоўскі вынес свайго малодшага брата на руках, выратаваўшы яму жыццё. Сам Рома атрымаў моцныя апёкі і парэзы, ужо амаль месяц ён знаходзіцца ў рэанімацыі.
Апошні тыдзень стан хлопчыка застаецца стабільна цяжкім. Праведзена некалькі этапаў хірургічнага лячэння, паэтапная скурная пластыка, паведамляе Мінаховы здароўя.
Хлопчык знаходзіцца ў Рэспубліканскім апёкавым цэнтры на базе БХМД. Падчас аперацый яму праводзілася мясцовае лячэнне апёкавых ран, дактары выдалялі пашкоджаныя агнём тканкі з ужываннем сучасных тэхналогій камбусціялогіі.
З Ромам пастаянна знаходзіцца мама. Хлопчык на ШВЛ, ён у свядомасці. Рэагуе на гаворку, мама чытае яму кнігі, часам ён глядзіць мультфільмы.
На мінулым тыдні, таксама як і раней, праводзіліся адмысловыя кансіліумы спецыялістаў.





