Тut.by палічыў неабходным даць тлумачэнні па сюжэтах, паказаных па дзяржканалах. ТАА «Тут бай медыя» ў 2019 годзе атрымала статус рэзідэнта ПВТ. Прычым на законных падставах. Пры ўступленні ў ПВТ ТАА «Тут бай медыя» па працэдуры падавала бізнэс-праект, які прайшоў экспертызу адміністрацыі ПВТ. Наш праект быў ухвалены адміністрацыяй ПВТ, і да 18 мая 2021 года на адрас «Тут бай медыя» не паступала прэтэнзій з боку адміністрацыі. За час працы ў рамках ПВТ кампанія паспяхова праходзіла праверкі і аўдыты праекта, праверкі не знайшлі парушэнняў, прэтэнзій да дзейнасці ТАА не ўзнікала, і тым больш не было падстаў для выключэння з ПВТ. Гэта значыць, у ходзе дзейнасці кампанія рэгулярна давала справаздачу перад адміністрацыяй ПВТ.

У КДК цяпер сцвярджаюць, што кампаніяй была атрыманая выручка, не абумоўленая дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў ПВТ. Гэта і стала нібыта падставай для крымінальнай справы.

Пры гэтым хочам удакладніць, што сярод затрыманых ёсць работнікі кампаній, якія не маюць дачыненне да «паркавай» дзейнасці ТАА «Тут бай медыя» (у іх таксама праводзіліся ператрусы).

У сюжэце ў віну ставіцца выкарыстанне «іншага праграмнага забеспячэння спецыялізаванага», што кампанія нібыта атрымлівала выручку за кошт гэтай дзейнасці, што з'яўляецца недапушчальным для рэзідэнтаў ПВТ. Пакуль незразумела, у чым канкрэтна ў КДК бачаць парушэнне. Партал удакладняе, што раздзелаў партала, якія прыносяць выручку і ў якіх адсутнічае ў тым ці іншым выглядзе ўласная распрацоўка ПА, у «Тут бай медыя» няма.

Па ТБ прадстаўнік КДК таксама заявіў пра шкоду ў «мільёны даляраў ЗША». Адкуль такая сума, як так хутка падлічылі ў ведамстве — адкрытыя пытанні.

У тэлесюжэце відавочна спекулююць на выплатах у ФСАН і нібыта эканоміі на ўмоўных пенсіянерах. У эфіры дэманструецца нібыта даведка аб даходах гендырэктара Tut.by. Дзяржтэлеканал сцвярджае, што «зэканомленыя на пенсіянерах грошы павінны былі ўтульна ўладкавацца ў адным з латвійскіх банкаў».

У гэтай сітуацыі ёсць два моманты. Першы момант — знаходжанне ў ПВТ прадугледжвае льготы па выплаце ўзносаў у ФСАН: супрацоўнік кампаніі, якая ўваходзіць у ПВТ, адлічвае ў ФСАН 1% ад сярэдняга заробку па краіне за месяц, які папярэднічае справаздачнаму. Яшчэ 34% выплачвае наймальнік.

Аднак гэта адбіваецца ў будучыні ў першую чаргу непасрэдна на пенсіі самога работніка, за якога выплачваюць унёскі па льготнай стаўцы, а не на пенсіі ўяўнага пенсіянера. Калі дзяржСМІ робяць упор на тое, што з-за гэтых ільгот недабірае ўзносаў у ФСАН, то дзяржава сама ж і ўвяла гэтыя прэферэнцыі для рэзідэнтаў ПВТ.

Другі момант — падаходны падатак. На выплачаныя сумы падаходнага падатку прапарцыйна суме даходу, якія ідуць у тым ліку на сацыяльныя выдаткі дзяржавы, дзяржпрапаганда чамусьці не звяртае ўвагу. Як не акцэнтуе ўвагу і на тым, што дывідэнды ўзносам у ФСАН не абкладаюцца. ДзяржТБ і праўладныя тэлеграм-каналы ўзялі агульную суму даходу (зарплата і дывідэнды) і паказалі, якая нібыта «маленькая» сума адлічэнняў у ФСАН. Гэта значыць зарплатныя і іншыя падаткі кампанія плаціла, зыходзячы з тых ставак, якія прадугледжаны Правіламі для рэзідэнтаў ПВТ. Таму прадэманстраваны па ТБ дакумент не паказвае на парушэнні.

Да таго ж інфармацыя пра заробкі работнікаў з'яўляецца канфідэнцыйнай і ахоўваецца заканадаўствам аб персанальных даных. Сам чалавек мае права паведамляць яе каму заўгодна, але не пабочная асоба або наймальнік.

Асаблівая ўвага ў сюжэце дзяржТБ надаецца таму, што кампанія нібыта разглядала магчымасць адкрыцця рахунку ў адным з латвійскіх банкаў. Апускаем сам факт магчымай праслушкі і яе абнародаванне ў СМІ. Скажам толькі, што адкрыццё рахунку юрыдычнай асобай за мяжой не забаронена.

Нават калі зыходзіць з інфармацыі, якая была агучана ў сюжэце на дзяржТБ, гаворка ішла пра магчымасць пераводу грошай з рахунку беларускага банка ў латвійскі. Гэта значыць грошай, якія атрыманы легальным шляхам і з якіх выплачаныя падаткі.

Таксама ў сюжэце сцвярджаецца, што падчас ператрусу ў кватэрах у супрацоўнікаў кампаніі (а ператрусы, удакладнім, праходзілі ў многіх нашых калегаў, прычым не толькі ў Мінску) знайшлі наяўныя грошы, у некаторых — нібыта буйныя сумы. Пакінем за дужкамі дзіўныя варыянты захоўвання грошай і іх матэрыялізацыі ў сабачым корме. Але Tut.by — адзін з самых паспяховых парталаў ва Усходняй Еўропе з добрымі заробкамі. Яны выплачваліся афіцыйна, з іх выплачваліся падаткі. У топ-менеджараў знайшлі грошы? Сенсацыя.

І напрыканцы яшчэ адзін нюанс. На дзяржТБ паспрабавалі абвінаваціць Tut.by у тым, што матэрыялы на партале падаваліся нібыта «выключна ў антыдзяржаўным ключы». А ў папрок ставяць сярод іншага тое, што «ветэраны нібыта засталіся без грошай і цэны растуць».

Паказаныя ў сюжэце загалоўкі (у тым ліку: «Цяпер афіцыйна: ветэраны ВАВ не атрымаюць у гэтым годзе аднаразовыя выплаты да 9 Мая» (па заяве Мінпрацы 6 мая), «Яшчэ адно падатковае новаўвядзенне: на лекі, медвырабы, прадукты і дзіцячыя тавары паднялі ПДВ» (па інфармацыі МПЗ), «Можам застацца без пенсій, дапамог». «Работнікаў просяць падпісаць ліст прафсаюзаў па санкцыях» (па паведамленні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі)) — гэта афіцыйныя заявы беларускіх уладаў. Але Мінпрацы, Белстат, Нацбанк і іншых не спяшаюцца папракнуць у «антыдзяржаўнасці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0