«Не скажу, што мне стваралі нейкія спецыяльныя ўмовы, хоць я і была пастаўленая на ўлік як схільная да экстрэмізму. Я настроіла сябе пераадолець усе цяжкасці: ішла з высока паднятай галавой нават у наручніках і заўсёды старалася пасміхацца», - распавяла Кацярына.
У родным дворыку ў Мінску Кацярыну з кветкамі чакалі сябры, калегі-журналісты і суседзі (некаторыя крычалі з вокнаў «Дзякуй за праўду!»).
У дадзены момант яна адчувае сябе добра, кажа, што настроілася апошнімі днямі, што хутка будзе дома:
«Кожны шпацыр уяўляла, што гуляю па вёсцы ці па Мінску, Рыму».
Першая сустрэча з дачкой на волі.
Самым складаным для журналісткі была немагчымасць абняць родную дачку і блізкіх і інфармацыйная ізаляцыя. Яна пакуль не ў курсе ўсіх падрабязнасцяў аблавы і блакавання TUT.BY.
«Нам прыходзіла газета «Новы час», але ў нейкі момант я вырашыла спецыяльна застацца без навін. Проста чытала кніжкі, займалася танцамі, спортам. На Валадарцы я апынулася ў адной камеры з выкладчыцай БДУІР, якая навучыла нас каля 35 відам танцам: ірландскі і шведскі вальс, лявоніха. Заняткі дапамагалі грэцца нам у мінус 25 і падымалі баявы дух, збліжалі. Цяпер жа я спачатку паабдымаюся са сваякамі, паем сырнікаў і тады буду чытаць навіны».
Перажыць зняволенне журналістцы дапамаглі лісты і тэлеграмы, якія прыходзілі амаль штодзень (ёй прыйшло каля 800 лістоў). А таксама падтрымка на судзе.
«Калі бачыла, як людзі пастаянна хадзілі на наш суд, гэта надавала моцы. Раз вакол так шмат добрых людзей — значыць, я ўсё раблю па жыцці правільна».
Цяпер Кацярына Барысевіч марыць наведацца на сваю любімую Камароўку, паглядзець, як у Мінску распусціліся дрэвы і кветкі і адпачыць крыху ў роднай вёсцы.
На волю выйшла палітзняволеная журналістка Кацярына Барысевіч
«У калоніі высаджвала васількі»: першае інтэрв'ю Кацярыны Барысевіч на волі





