Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

Еўрапейскія чыноўнікі прапанавалі законапраект для рэгулявання сістэм штучнага інтэлекту. Ключавы элемент законапраекта — падзел сістэм штучнага інтэлекту па ступені рызыкі для бяспекі, жыцця і правоў грамадзян. Згодна з гэтым законам, у ЕС могуць забараніць прымяненне тых тэхналогій, якія ўяўляюць сабой высокую рызыку для людзей, паведамляе The Wall Street Journal.

Да такіх тэхналогій Еўракамісія адносіць аўтаматызаванае ацэньванне тэстаў у сферы адукацыі, крэдытны скорынг, праграмнае забеспячэнне, якое аўтаматычна наймае супрацоўнікаў, рабатызаваную хірургію, а таксама выкарыстанне камп’ютарных алгарытмаў у сферах юрыспрудэнцыі. Каб трапіць на рынак, такім тэхналогіям прыйдзецца адпавядаць строгім крытэрыям бяспекі, дакладнасці і якасці.

«Наша рэгуляванне датычыцца чалавечай і сацыяльнай рызыкі, звязанай з выкарыстаннем штучнага інтэлекту. Мы лічым, што гэта тэрміновае пытанне, таму прапаноўваем першую ў свеце прававую аснову для сучасных тэхналогій», — заявіла Маргрэт Вестагер, віцэ-прэзіэнт Еўрапейскай камісіі.

Тыя тэхналогіі штучнага інтэлекту, якія ўяўляюць сабой мінімальную рызыку для грамадства, эксперты ЕС прапануюць не рэгуляваць. На іх думку, да гэтай катэгорыі адносіцца большасць сучасных тэхналогій.

Плануецца абмежаваць выкарыстанне паліцыяй сістэм распазнавання твараў у сваіх мэтах. Аднак могуць быць выключэнні, калі такія тэхналогія спатрэбяцца для пошуку скрадзеных дзяцей, прадухілення тэрарыстычных пагроз і выяўлення махляроў і забойцаў.

У апошнія гады ЕС імкнецца стаць глабальным лідарам у пытаннях стрымлівання патэнцыйнай небяспекі новых тэхналогій у розных галінах. Напрыклад, законы аб канфідэнцыяльнасці і агульнае палажэнне аб абароне звестак, прынятых у ЕС, паспрыялі стварэнню шаблона, які пасля пачалі пераймаць іншыя краіны, у тым ліку некаторыя штаты ЗША.

Аднак некаторыя эксперты перакананыя, што такім законам ЕС моцна нашкодзіць сваім тэхналагічным кампаніям.

«Развіццё штучнага інтэлекту ў ЕС стане дарагім або тэхналагічна немагчымым, — адзначае Бенджамін Мюлер, аналітык Цэнтра інавацый у галіне звестак. — ЗША і Кітай будуць з цікавасцю назіраць, як ЕС ставіць на калені ўласныя стартапы».

Але могуць спатрэбіцца гады, пакуль прапанова стане законам, бо законапраект павінны ўхваліць Еўрапейскі савет, які складаецца з 27 нацыянальных урадаў блока, і Еўрапейскі парламент.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?