фота pixabay.com

Камеры большасці смартфонаў складаюцца з шматслойных лінз — яны робяць тэлефон больш цяжкім і аб’ёмным, адначасова з тым яны пагаршаюць яго выгляд. Але зараз ідзе распрацоўка новай лінзавай тэхналогіі. Чакаецца, што яна палепшыць такую характарыстыку камер, як маштабаванне, і зробіць здымкі ярчэйшымі, пры гэтым яшчэ і зменшыць вагу і памер тэлефона, піша ВВС.

Канадская кампанія Scope Photonics жадае дамагчыся таго, каб пры маштабаванні здымкі не гублялі выразнасці. Камера, якую распрацоўваюць навукоўцы кампаніі, заснаваная на тэхналогіі вадкіх крышталяў. Даследчыкі прымушаюць крышталі рэарганізоўвацца ў залежнасці ад таго, як праз іх праходзіць святло, і такім чынам крышталі паўтараюць структуру шматслойных лінз. Таму для таго, каб павялічыць ці зменшыць маштаб здымка, хопіць аднаслойнай лінзы замест шматслойнай.

Стартап Metalenz з Кембрыджа ў амерыканскім штаце Масачусетс прапануе тэхналогію, што дазволіць пазбавіцца ад звязанага з камерай выступу на задняй частцы смартфона і ў той жа час зрабіць здымкі больш яркімі і выразнымі. Камера, што прапануе кампанія, заснаваная на адной лінзе на базе шкляной пласцінкі памерам ад аднаго да трох квадратных міліметраў. Яе крэмніевыя нанаструктуры накіроўваюць прамяні святла такім чынам, каб атрымліваць здымкі лепшай якасці.

Ва ўніверсітэце амерыканскага штата Юта група даследчыкаў распрацавала лінзу, якая ў 100 разоў лягчэйшая і ў тысячу разоў больш тонкая, чым лінзы ў камерах смартфона Apple iPhone 11. Яна складаецца з тысяч праграмаваных мікраструктур, якія факусіруюць святло на сэнсары выявы тым жа чынам, як і звычайныя больш тоўстыя лінзы.

У выпадку распрацоўвання складаных прылад, такіх як спутнікі і дроны, зніжэнне вагі камеры нават на частку грама можа прынесці вялікую карысць. Калі ж пераносіць гэтыя тэхналогіі ў звычайныя смартфоны, важна разумець, што іх карыстальнікі не чакаюць ад працы з гаджэтамі нічога складанага. Калі людзям спатрэбіцца інструкцыя для камеры смартфона, значыць, яе распрацоўшчык у нечым памыліўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?