Фота pixabay.com 

Навукоўка Анна Кіш з кафедры метэаралогіі будапешцкага Універсітэта Ларана Этвёша апублікавала вынікі свайго апошняга даследавання на тэму кліматычных змен. Яна звяртае ўвагу на тое, што цяпер у Венгрыі лета пачынаецца раней і заканчваецца пазней, чым у 1970-я гады. Эксперты лічаць летнімі днямі тыя, калі сярэдняя тэмпература паветра перавышае 17,71 градус па Цэльсію.

Працягласць астатніх сезонаў скарацілася. Больш за ўсё пацярпела восень — зараз яна доўжыцца ў сярэднім 85 дзён, што на 15 дзён менш, чым 50 год таму, піша onet.pl.

Венгерскія даследчыкі падкрэсліваюць, што трэнд на падаўжэнне лета мае ўстойлівы характар і не абмежаваны толькі тэрыторыяй Венгрыі. Такая з’ява — вынік глабальнага пацяплення, і, калі выкіды парніковых газаў не будуць зніжаныя, усё можа яшчэ больш пагоршыцца. Сімуляцыйная кліматычная мадэль паказвае, што ў такім выпадку ў 2100 годзе лета ў паўночным паўшар’і можа доўжыцца шэсць месяцаў, а зіма — два. Акрамя ўсяго іншага, гэта выклікае змены ў жывёльным і раслінным свеце.

У сярэдзіне 2019 года група швейцарскіх навукоўцаў вырашыла прадказаць, якім будзе клімат у найвялікшых гарадах планеты ў 2050 годзе, калі кліматычныя змены будуць ісці з той жа хуткасцю. Згодна з іх высновамі, у гэты час лонданскае надвор’е будзе нагадваць тое надвор’е, што зараз характэрна для Барселоны. У Санкт-Пецярбургу вы будзеце адчуваць сябе як у цяперашняй Сафіі, а Варшава будзе нагадваць па клімаце сённяшні Тбілісі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0