Фота з інстаграма Святланы

Фота з інстаграма Святланы

«У Кеніі расслабляешся, нібыта ў вёску да бабулі трапіў»

У горад Ітэн з’язджаюцца элітныя еўрапейскія спартсмены і самі кенійцы, якія заўсёды у топе па бегу. Чаму сюды? Ітэн знаходзіцца на вышыні 2400 метраў над ўзроўнем мора — пасля трэніровак тут, у гарах, ва ўмовах недахопу кіслароду, бегаць дыстанцыі на звычайнай вышыні становіцца лягчэй. Плюс тут камфортны клімат.

«Калі мы прыехалі ў студзені, было 25-26 градусаў. У красавіку ўжо сезон дажджоў, пахаладанне пачынаецца: днём 20-21 градус, увечары — 13. Тут няма роўных трас, гара на гары, перасечаная мясцовасць. У гэтых умовах няпроста — гэта трэніруе і твой характар, і фізічную форму. Я ўжо была ў Кеніі летась, добра зайшла падрыхтоўка, але, на жаль, адмянілі ўсе старты праз каранавірус», — дзеліцца дзяўчына.

Трэніроўкі ў Святланы штодзень, рознай інтэнсіўнасці. Панядзелак, напрыклад, — лёгкі аднаўленчы дзень. Пад’ём а 8-й раніцы, а 9-й першая двухгадзінная трэніроўка, а 17-й — другая. Калі ў нейкі дзень чакаецца крос на 35 кіламетраў, то пад’ём а 6-й ранку. Выбягаюць да світанку, бо так займацца лягчэй — на сонцы не заўважыш, як згарыш.

«Тут усё спрыяе таму, каб ты рана рабіў свае справы. Нічога не адцягвае тваёй увагі, як дома — няма лішніх клопатаў, інфармацыйнага смецця. Ты заняты толькі сваім целам. Калі моцна стаміўся, можаш днём паспаць — пасля 35 кіламетраў дыстанцыі я звычайна дзве гадзіны сплю, бо рэальна сіл не хапае. Адбой ранні, каля 22 гадзін».

Вольнага часу вельмі мала, таму не да турызму. Спартсменка ў дадатак да ўсяго яшчэ і працуе — трэніруе анлайн аматараў бегу. Таму ў перапынках стараецца або пачытаць, або скласці план для вучняў і даць ім зваротную сувязь.

У ваколіцах Ітэна мала лясоў. Падчас прабежкі можна ўбачыць жырафаў, у вадаспадах хаваюцца кракадзілы. Дарогі жудасныя — 30 кіламетраў едзеш гадзіну. Насельніцтва размаўляе на суахілі. Частка ведае ангельскую мову, размаўляе на ёй са спецыфічным незразумелым акцэнтам. Узровень жыцця розны, але большасць кенійцаў— зусім небагатыя.

«Ёсць шалашы, з гліны злепленыя, а ёсць дарагія дамы і машыны. Людзі тут іншыя крыху. Заўсёды кажуць табе «прывітанне», «як справы?». А потым «дай гадзіннік», «дай грошы», — смяецца Святлана. — Некаторыя бачаць белага чалавека і думаюць, што з цябе можна штосьці ўзяць.

Але першае ўражанне — народ не збалаваны. Дзеці радуюцца нават падоранай цукерцы. У іх тут няма столькіх прысмакаў, яны многага не бачылі, раслі на вуліцы. Яны маюць мінімум, але ўмеюць максімум атрымліваць ад жыцця. А мы заўсёды ў пагоні за нечым і з хмурнымі тварамі. 

У Кеніі спакой нейкі набываеш. У нас вечна спяшаешся — вялікія гарады мяняюць людзей, вымотваюць і робяць тузанымі, нервовымі. А тут ты проста расслабляешся, нібыта ў вёску да бабулі трапіў, як у дзяцінстве. Больш часу для медытацыі, нейкае перараджэнне ідзе».

«Мясцовыя самалёты выглядаюць як маршруткі»

У Кеніі Святлана прабудзе да мая. Пасля яна паедзе на марафон у Капенгаген, дзе паспрабуе кваліфікавацца на Алімпіяду.

«Зборы — гэта нятаннае задавальненне. Я перш-наперш спытала ў фонда, ці ёсць магчымасць у нас рыхтавацца тут. Калі б яны не адказалі станоўча, думаю, нас бы тут не было, бо сваімі сіламі нерэальна выцягнуць, тым больш з нашай сітуацыяй — што я беспрацоўная, што мой трэнер-муж», — кажа спартсменка.

Пасля падпісання ліста супраць гвалту яе пазбавілі працы ў МНС, мужу не працягнулі кантракт з Рэспубліканскім цэнтрам алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы.

Святлана расказвае пра цэны ў Кеніі. Суткі ў гатэлі каштуюць $50. Яна разам з іншымі спартсменкамі арандуе дом за $400 на месяц. Гэтае жытло, дарэчы, здае кенійская чэмпіёнка свету ў паўмарафонах Мэры Кейтані.

Пералёт на ўсход Афрыкі каштуе $600-800. Святлана дабіралася з Мінска з перасадкамі ў Стамбуле і Найробі.

«Мясцовыя самалёты як маршруткі, яны могуць прыпынкі рабіць, падбіраць і выгружаць людзей. Выглядаюць яны таксама як маршруткі. На гэтым самалёце страшна ляцець — ён маленькі, як кукурузнік, і няўстойлівы», — дзеліцца дзяўчына. 

Ежу яна купляе ў супермаркеце. Свініна і курыца каштуюць $9 за кілаграм, кіло сыру — да $60, масла (400 грам) — $10, фрукты (манга, ананас, папая) — ад 20 цэнтаў да даляра за штуку.

На мясцовым рынку

На мясцовым рынку

«Тут даражэй жыць, чым дома, бо цэны на звыклыя для нас прадукты ў некалькі разоў вышэйшыя. І калі харчавацца нармальна, а не адным авакада, грошы сыходзяць незаўважна хутка.

З рацыёнам прыходзіцца падстройвацца. Тут няма многіх прадуктаў — малочных, тварагу. Нават мяса і яйкі тут адрозніваюцца, са спецыфічным прысмакам. Не ведаю, можа, больш натуральнае ў іх усё, а мы ўжо ад гэтага адвыклі. Сумуем па хатняй ежы, але мы сюды не есці прыехалі, таму трэба цярпець (усміхаецца).

На дыету ўжо бліжэй да марафону сядаеш, калі два тыдні да старту застаецца. А цяпер дастаткова вялікія нагрузкі, каля 200 кіламетраў на тыдзень, таму трэба нармальна харчавацца і прытрымлівацца правільнага спалучэння бялкоў, тлушчаў і вугляводаў, каб аднаўляўся арганізм, таму стараешся рабіць разнастайны рацыён».

Фонд спартовай салідарнасці запусціў днямі кампанію супраць тытуню і алкаголю. Да «зборнай» па здаровым ладзе жыцця далучыліся тытулаваныя беларускія атлеты, у тым ліку Святлана. Для тых, хто хоча сачыць за сабой, яны запішуць відэатрэніроўкі і зарадкі.

Як, дарэчы, у спартсменкі з алкаголем?

«Можна дазволіць сабе выпіць бакал віна ці піва раз на тыдзень, але калі ідзе моцная падрыхтоўка да сур’ёзных спаборніцтваў, алкаголь цалкам выключаецца з майго жыцця. Бо гэта звычка згубна ўплывае на арганізм, што б хто ні казаў.

У Кеніі алкаголь дарагі, як і усе прадукты. Мясцовыя жыхары хутка співаюцца, таму яны стараюцца не піць наогул».

«Муж добры ў жыцці, але як трэнер строгі»

Са сваім мужам і трэнерам Ігарам Жаваранкам Святлана разам 14 год. Пазнаёміліся яны, яшчэ калі Ігар быў спартоўцам і бегаў марафоны. Ігар на 10 гадоў старэйшы. Святлана стала яго першай вучаніцай. Цяпер у мужчыны вялікая група з беларускіх і расійскіх спартсменаў.

«Мне здаецца, так прасцей, калі ў цябе з мужам адзін інтарэс, адна дарога, адзін погляд, і цябе падтрымліваюць у тваім жаданні развівацца. Бываюць вялікія праблемы ў сям’і, калі адзін спартсмен, а другі не, і яму цяжка патлумачыць твой лад жыцця. Я вось дадому прыязджаю, у мяне некаторыя пытаюцца, калі я ўжо пайду на нармальную працу на завод. І калі б мой муж мне такое казаў, у нас бы, напэўна, нічога не атрымалася», — тлумачыць Святлана, чаму спартсмены часта ўтвараюць пары.

Муж-трэнер — гэта няпроста, прызнаецца дзяўчына.

«Чужому чалавеку лішняга не скажаш, а свайму ўсё выкладзеш, як ёсць, таму больш канфліктаў. Але гэта было напачатку, цяпер мы сталі больш дарослымі, абвыкліся і стала прасцей.

Ігар добры ў жыцці, але як трэнер строгі. Калі ён бачыць, што ты можаш яшчэ працаваць, то ты будзеш працягваць. І не патурае, хоць ты глядзіш і чакаеш: ну, можа, ужо ўсё? Хочаш прыйсці дадому паскардзіцца, а тут зноў ён», — смяецца Святлана.

Калі бягуння застала без працы і месца ў зборнай, яна казала, што разглядае варыянт змены грамадзянства. Цяпер, калі прайшоў час, тлумачыць, што гэтыя словы вылецелі на эмоцыях.

«Мне было крыўдна, бо я рэальна шмат аддала сваёй краіне. Часам нават мне трэба было бегчы адну дыстанцыю, а я закрывала дзве. Двое алімпійскіх гульняў, чэмпіянаты свету… Пераломы стоп за краіну — я выступала на кубку Еўропы, ведала, што здарыцца стомлены пералом, але ўсё адно дабегла. Шмат чаго было, і пасля гэтага так непрыгожа і бесцырымонна ўзяць і выкінуць… Я не ў зборнай, а хто на чэмпіянаце краіны быў ззаду — у зборнай. Не важна, хто лепшы, важна, хто больш лаяльны.

Было шмат прапаноў за маю кар’еру перайсці ў іншую зборную, але я ніколі нават думкі не дапускала, што магу гэта зрабіць.

Я думала, ці мне патрэбны спорт, была апатыя нейкая, ступар. Пасля, канечне, адышла — я не здаюся. Проста рыхтуюся і спадзяюся, што калі ў мяне будзе нарматыў, дакажу, што магу выступаць на Алімпійскіх гульнях. Сцяг няважны — важна стаўленне, Беларусь як была маёй краінай так і застанецца, а гэтыя войны мне здаюцца няправільнымі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?