У Кобрыне 26 сакавіка асудзілі чацвярых жанчын за ўпрыгожванне гарадскога парку імя Аляксандра Суворава напярэдадні Дня Волі, перадае «Новы Час». 

Суддзя Вадзім Здановіч пакараў 7 суткамі арышту доктарку-педыятра Юлію Рафаловіч, штрафам у 10 базавых велічынь — пенсіянерак Людмілу Белавусаву, Вольгу Алексіюк і Іну Суджум.

 Юлія Рафаловіч

 Юлія Рафаловіч

Усе яны пасля затрымання аб’явілі галадоўку. З моманту зняволення да абеду 26 сакавіка кобрынкі знаходзіліся ў ізалятары часовага ўтрымання мясцовага РАУС. Шматдзетную маці Марыну Жук, якую пасля затрымання вызвалілі, будуць судзіць пазней.

Марына Жук  

Марына Жук

Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Кобрынскага РАУС Уладзіслаў Світыч і Уладзіслаў Кабарыха затрымалі жанчын 24 сакавіка пасля 23 гадзіны падчас шпацыру ў парку. Грамадзянкам інкрымінавалі распаўсюд бел-чырвона-белых стужак і ўлётак з заклікам «Кобрын, выходзь! Беларусь будзе вольнай!», а таксама фатаграфаванне гэтых улётак. Разам з тым, міліцыянты канфіскавалі ў затрыманых пакет папяровых цыліндраў белага колеру з чырвонай паласой.

Свае дзеянні жанчыны матывавалі жаданнем упрыгожыць парк напярэдадні Дня Волі. Прычым Юлія Рафаловіч звярнула ўвагу суда на тое, што іх затрымлівалі супрацоўнікі РАУС у цывільным, якія не назваліся, а таксама на тое, што ўмовы ўтрымання ў ІЧУ прыніжаюць чалавечую годнасць. Пасля агалошвання прысуду спадарыня Юлія напісала заяву на адтэрміноўку адміністрацыйнага арышту ў сувязі са службовай неабходнасцю, аднак Вадзім Здановіч не задаволіў заяву доктаркі.

Каля 20 чалавек прыйшло да будынка Кобрынскага раённага суда, каб падтрымаць сваіх зямлячак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0