Уладам Балгарыі прыйдзецца абвясціць расійскіх дыпламатаў персонамі нон грата з-за справы аб шпіянажы. Пра гэта заявіў балгарскі прэм'ер-міністар Бойка Барысаў.

«У чарговы раз нам даводзіцца аб'яўляць расійскіх дыпламатаў непажаданымі персонамі», — сказаў ён.

Паводле яго слоў, Сафія неаднаразова дэманстравала сяброўскія адносіны з Масквой, у тым ліку ў пытанні будаўніцтва газаправода «Балканскі паток», аднак шпіёніць на тэрыторыі краіны нікому не дазволена. «Зноў хачу заклікаць іх кіраўнікоў: перастаньце шпіёніць у Балгарыі», — цытуе кіраўніка ўрада «Балгарскае Нацыянальнае радыё».

Аб затрыманні ў Сафіі некалькіх падазраваных у шпіянажы на карысць Расіі стала вядома ў ноч на 19 сакавіка. Па некалькіх адрасах у паўднёвых раёнах балгарскай сталіцы і ў ваколіцах горада Перніка прайшлі ператрусы.

Пазней Мінабароны Балгарыі паведаміла, што па падазрэнні ў перадачы сакрэтных звестак замежнай дзяржаве былі затрыманыя двое балгарскіх вайскоўцаў. У генпракуратуры патлумачылі, што затрыманыя і іх саўдзельнікі працавалі ў інтарэсах Расіі.

Усяго па справе праходзяць шасцёра падазраваных. У працы шпіёнскай групы ўдзельнічала таксама жонка аднаго з затрыманых, якая мае балгарскае і расійскае грамадзянства, паведамілі ў пракуратуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0