Парламент і прэзідэнт

Праект прадугледжвае пераход дзяржавы з прэзідэнцкай формы праўлення на парламенцкую: менавіта парламент будзе прызначаць прэм'ер-міністра, зацвярджаць урад, прымаць законы і пастановы.

Урад, у сваю чаргу, будзе рабіць справаздачу перад парламентам. Прэзідэнт у гэтай сістэме будзе выконваць прадстаўнічыя функцыі.

У праекце адзначаецца, што прэзідэнт абіраецца народам на пяць гадоў, а адна і тая сама асоба не можа быць прэзідэнтам больш за два тэрміны на працягу свайго жыцця.

Мясцовае самакіраванне

У варыянце Канстытуцыі таксама прапануецца змяніць падыход да мясцовага самакіравання: кіраўнікоў мясцовых выканкамаў цяпер будуць выбіраць дэпутаты, выбраныя жыхарамі адпаведных тэрыторый.

Для стварэння незалежнай судовай сістэмы прапануецца стварыць Нацыянальны савет правасуддзя. Дзве траціны яго членаў будуць абірацца з'ездам суддзяў, а адна трэць — калегіяй адвакатаў. Гэты орган будзе вырашаць пытанні кадравых прызначэнняў суддзяў.

Таксама прапануецца ўзмацніць ролю Нацыянальнага банка.

Мова, герб і сцяг

У праекце Канстытуцыі ў якасці дзяржаўных моў названыя беларуская і руская мовы, але з перспектывай для беларускай як адзінай дзяржаўнай.

«Паважаючы права кожнага выбіраць мову зносін, дзяржава ажыццяўляе меры па пашырэнні выкарыстання беларускай мовы для наступнага надання ёй у Канстытуцыі статусу адзінай дзяржаўнай мовы», — гаворыцца ў праекце.

У якасці дзяржаўнага сцяга ў праекце прапануецца БЧБ, у якасці герба — «Пагоня», у якасці дэвізу — «Жыве Беларусь!».

Адукацыя і ахова здароўя

У праекце прапісаны акадэмічныя свабоды і аўтаноміі для ВНУ, а таксама права на стварэнне органаў студэнцкага самакіравання.

Што тычыцца аховы здароўя, як і ў дзейным варыянце, беларусам гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя.

Смяротнае пакаранне

У праекце Канстытуцыі смяротнае пакаранне забароненае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0