Сенат пасля 11 гадзін абмеркавання прыняў законапраект аб дапамозе жыхарам краіны і эканоміцы, неўзабаве пачнуцца адначасовыя выплаты большасці амерыканцаў у памеры 1400 даляраў. З агульнай сумы адобраных Сенатам сродкаў у аб'ёме 1,9 трыльёна даляраў будзе таксама выдзелена падтрымка вытворцам і дыстрыбутарам вакцын, перадае «Голас Амерыкі». 

Канчатковая версія законапраекта прадугледжвае прамыя выплаты большасці амерыканскіх падаткаплацельшчыкаў, чые гадавыя даходы не перавышаюць 80 тысяч даляраў (160 тысяч даляраў для шлюбных пар) па 1400 даляраў на чалавека. На гэтыя выдаткі плануецца выдзеліць 400 млрд даляраў, а таксама выплата Федэральнай дапамогі па беспрацоўі ў памеры 300 даляраў на тыдзень для 9,5 млн чалавек, якія засталіся без працы. 350 млрд даляраў будзе выдзелена ў выглядзе фінансавай дапамогі ўрадам Штатаў і мясцовым уладам.

Пяцьдзесят са ста сенатараў прагаласавалі за прыняцце законапраекта, 49 — супраць. Прадстаўнік Аляскі рэспубліканец Дэніэл Саліван быў вымушаны з'ехаць з Вашынгтона ў пятніцу ўвечары на пахаванне. Гэта азначала, што дэмакраты не мелі патрэбы ў вырашальным голасе віцэ-прэзідэнта Камалы Харыс, адзначае «Голас Амерыкі».

Агульная сума эканамічнага стымулявання, выдзеленага Вашынгтонам за апошні год, дасягнула каля 6 трыльёнаў даляраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0