Юля Кашаверава. Фота «Віцебскай Вясны».

Юля Кашаверава. Фота «Віцебскай Вясны».

Юлія Кашаверава прызнала віну часткова. Яна не адмаўляла, што пасля таго, як ёй не далі аказаць дапамогу пацярпеламу, не стрымалася і нанесла тры ўдары па задніх дзвярах міліцэйскага мікрааўтобуса. Але запэўніла, што па правых бакавых удараў не наносіла, маску і кепку з супрацоўніка МУС не зрывала.

Пракуратура запатрабавала 6 гадоў

Пракурор Лабацкі 19 лютага пераконваў, што ўчыненае злачынства звязанае з актыўным непадпарадкаваннем супрацоўнікам МУС пры выкананні імі службовых абавязкаў. Прасіў прызнаць Юлію Кашавераву вінаватай ва ўчыненні злачынства паводле ч. 2 арт. 339 КК і прымяніць у дачыненні да яе ізаляцыю ад грамадства.

Настойваў лічыць яе дзеянні наўмыснымі, якія груба парушалі грамадскі парадак, выказвалі яўную непавагу да грамадства і суправаджаліся пашкоджаннем чужой маёмасці.

Прасіў прызначыць Кашаверавай пакаранне ў выглядзе зняволення тэрмінам на 6 гадоў з адбываннем у папраўчай калоніі агульнага рэжыму.

Адвакатка просіць апраўдаць Кашавераву

Абаронца Кашаверавай звярнула ўвагу суду на супярэчлівыя сведчанні камандзіра звяна АМАПа Аляксея Альхімовіча, з якога Кашаверава нібыта сарвала маску і кепку. Ён заявіў, што не бачыў моманту, калі яе зрывалі. Адвакатка настойвала, што супярэчлівыя паказанні Альхімовіча не могуць быць прызнаныя дакладнымі і, адпаведна, не могуць легчы ў аснову абвінавачвання.

Адвакатка нагадала, што першапачаткова пры выстаўленні абвінавачвання Кашавераву не вінавацілі ў зрыванні маскі, кепкі і ў пашкоджанні бакавых дзвярэй мікрааўтобуса. А дзеянні кваліфікаваліся паводле ч.1 арт. 339 КК (хуліганства). Юлія Кашаверава неаднойчы запэўнівала, што кепку яна падняла з зямлі і перадала іншай дзяўчыне. Момант перадачы зафіксаваны на відэа.

Апытаныя на судовым пасяджэнні сведкі паказалі, што пашкоджанне бакавых дзвярэй магло адбыцца ў выніку ўдару аб яе грамадзяніна, якога тады затрымлівалі. Ніхто з апытаных не засведчыў, што пашкоджанні маглі быць зробленыя Кашаверавай.

Яшчэ 2 кастрычніка ў Кастрычніцкім РАУС Кашаверава не адмаўлялася ад таго, што нанесла тры ўдары па задняй частцы аўтамабіля. Прызнанне было зробленае яшчэ да завядзення крымінальнай справы, што сведчыць аб праўдзівасці падабароннай, а паводле ч.1 арт. 169 КПК можа расцэньвацца як яўка з прызнаннем віны.

Сыходзячы з гэтага, адвакатка прасіла апраўдаць сваю падабаронную праз адсутнасць у яе дзеяннях складу злачынства паводле ч. 2 арт. 339 КК.

Кашаверава: «Не пазбаўляйце мяне свабоды!»

У апошнім слове Юлія нагадала, што з самага дзяцінства бацькі вучылі яе дабрыні, узаемадапамозе, клопату аб людзях. Менавіта таму яна і выбрала прафесію медсястры. Будучых медыкаў вучылі дапамагаць пацярпелым людзям незалежна ад іх статусу і ад таго, дзе здарылася бяда.

«4 кастрычніка ў натоўпе я пабачыла чалавека, які ляжаў тварам уніз. Першае, што прыйшло ў галаву, — гэта даведацца, што здарылася, ці не страціў ён прытомнасць, і дапамагчы. У гэты момант я прыгадала маці, за жыццё якой змагалася ўся сям’я», — тлумачыла Юлія.

Дзяўчына некалькі разоў спрабавала падысці да чалавека, але потым міліцыянты ўжылі газ. На зямлі ўжо нікога не было — невядомы хлопец знік.

«Мне стала крыўдна за сябе, бо не здолела дапамагчы. Так, я прызнаю сваю віну: я ўдарыла па машыне тры разы. Я ўчыніла правапарушэнне, але не судзіце мяне строга. Не пазбаўляйце мяне свабоды!» — скончыла Юлія Кашаверава.

Прысуд будзе вынесены 22 лютага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0