СК

СК

Усяго па «карагоднай справе» праходзяць каля 50 фігурантаў. Іх абвінавачваюць або падазраюць у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, што пацягнула парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. Санкцыя артыкула прадугледжвае да 3 гадоў пазбаўлення волі. Судзяць абвінавачаных групамі па 10 чалавек.

Разгляд справы па першай «дзясятцы» падыходзіць да канца. На мінулым тыдні прайшлі спрэчкі. Абвінавачанне папрасіла для трох абвінавачаных — «хатнюю хімію», для астатніх сямі — абмежаванне свабоды з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін ад паўтара да двух гадоў.

15 лютага пачалі разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да другой дзясяткі. На лаве падсудных апынуліся Дзмітрый Абрамук, Аляксей Арцецкі, Аляксей Бараноўскі, Віталь Брух, Дзмітрый Буневіч, Дзмітрый Качурка, Валянціна Жукоўская, Генадзь Місюта, Сяргей Наліўка і Уладзімір Талатыннік.

Абвінавачаны Аляксей Арцецкі растлумачыў суду, што на бульвары ён знаходзіўся каля трох хвілін.

«Убачылі вялікі натоўп людзей, грала музыка. Стала цікава. Падышлі паглядзець, што адбываецца. Стаяў на праезнай частцы. Дасталі сцяг — і я яго дастаў, каб павітаць. Побач стаяў бацька з маленькім дзіцем. Хлопчык узяў за адзін край, а я за другі. Ніякія лозунгі не крычаў. Потым згарнуў сцяг і пайшоў у краму. Хтосьці пляскаў, радаваўся, спяваў. Транспарт бачыў. Не мог праехаць ні ў якім разе не з-за вялікай колькасці людзей».

Абвінавачаны Дзмітрый Качурка сказаў, што калона ішла па ходніках, і па дарозе. Людзі крычалі: «Гэта наш горад», «Жыве Беларусь!» На скрыжаванні ўключылі музыку.

«Узяў удзел у карагодзе. Усё працавала, але цяпер кажуць, што ўсё закрылася. Даведаўся са СМІ, што менавіта гэтыя дзеянні парушылі працу. Я думаў, што парушаем ПДР, а аказалася, што гэта «крыміналка». Прыехаў вадамёт, і я сышоў. Ведаў, што можа быць адказнасць, напрыклад, штраф. Але што крымінальная — не», — распавёў Качурка.

Дзмітрый Буневіч сказаў у судзе, што ўдзелу ў шэсці не прымаў. Да скрыжавання ён пад'ехаў на гарадскім аўтобусе:

«Ехалі з братам з гасцей. Аўтобус спыніўся, бо кіроўца сказаў, што рух перакрыты. Мы выйшлі з аўтобуса. Узяў тэлефон, каб сябе зняць, пяць разоў пракрычаў «Жыве Беларусь» — і прыехаў вадамёт. Сімволікі ў мяне не было. Знаходзіўся дзесьці 10 хвілін».

«За 20 хвілін я стаў небяспечным для грамадства?» Агучаныя магчымыя тэрміны першым 10 фігурантам «справы аб карагодзе» ў Брэсце

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0