Жорсткае затрыманне Мароза трапіла на відэа, дзе відаць, як невядомы, пагражаючы зброяй, ударае Віктара нагой. Пазней Мароза павезлі на хуткай у бальніцу, дзе ён знаходзіўся цэлы тыдзень. Ужо 13 студзеня адбыўся суд, на якім Максім Трусевіч адправіў справу па ч. 1 арт. 23.34 КаАП на дапрацоўку.
Першамайскі РУУС «дапрацаваў» справу Віктара Мароза, перакваліфікаваўшы яе ў арт. 23.4 КаАП (непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі).
На судзе Віктар растлумачыў, што гуляў па двары, калі ўбачыў, што на яго бягуць людзі. Каб яго суседка не ўпала, яму давялося яе абняць. У гэты час яе схапіў невядомы, ударыў мужчыну і дастаў зброю. Каб зразумець, што наогул адбылося і хто гэты невядомы, Віктар патэлефанаваў у міліцыю.
Са словаў Віктара, каля праходу ён заўважыў групу людзей у балаклавах, якія пачалі яго затрымліваць. На просьбу прадставіцца і паказаць дакументы, сказалі толькі, што яны з міліцыі. Мужчыну ўдарылі ў сонечнае спляценне, нанеслі ўдары па патыліцы і шыі, потым закінулі ў бус і павезлі ў лес, дзе перасадзілі ў іншую машыну, каб адвезці ў Першамайскае РУУС.
Сведка, які нібыта назіраў за дзеяннямі калегі, калі той дастаў зброю ў прысутнасці дзіцяці, на судзе растлумачыў, што калі яны нясуць службу падчас несанкцыянаваных мерапрыемстваў, яны павінны быць апранутыя ў цывільнае.
Таксама сведка растлумачыў, навошта спатрэбілася даставаць зброю:
«У сувязі з тым, што супрацоўнікам была затрыманая дзяўчына, і тым, што Мароз быў агрэсіўна настроены, і ён не адышоў, пасля таго, як калега нанёс удар у жывот — ён дастаў табельную зброю, каб засцерагчы дзяўчыну і сябе».
У Віктара пашкоджанне мяккай тканкі жывата, удар патылічнай часткі, пазваночніка. А ў турме ў мужчыны прапаў нюх.
У выніку Максім Трусевіч прызнаў вінаватым Віктара Мароза і прысудзіў 14 сутак.