Здымаўся ў расійскіх серыялах, праводзіў паэтычныя вечары

Ігнат з творчай сям’і. Бацька Ігар Яўгенавіч быў акцёрам Тэатра юнага гледача, цяпер на пенсіі, вядзе курсы ў прыватнай творчай студыі. Старэйшы брат спявае ў хоры.

Дэбют Ігната на сцэне здарыўся ў 10 год.

«У Тэатры юнага гледача быў спектакль «Маленькі лорд Фаўнтлерой». Хлопчык, які галоўную ролю выконваў, падрос і не мог яе граць. Рэжысёр мне кажа: у цябе ж сын, давай паспрабуем. І Ігнат два сезоны адыграў галоўную ролю ў спектаклі», — успамінае бацька.

Яны з малодшым сынам вельмі блізкія. Шмат бывалі ў паходах з палаткамі, раіліся ў творчых пытаннях.

Хлопец вучыўся ў Акадэміі мастацтваў на рэжысёра тэлебачання. На пару месяцаў ён трапіў на стажыроўку ва Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінематаграфіі як адзін з найлепшых студэнтаў. Калі вярнуўся, быў разгублены. «Там такая база! Шмат відэакамер, апаратуры, можна здымаць па тры фільмы на тыдзень. А ў нас цяжка адзін за два месяцы, бо там чарга на тэхніку», — дзяліўся ён тады ўражаннямі з бацькам.

Ігар Яўгенавіч з усмешкай расказвае, як сын студэнтам запісваў музычны кліп.

«Яны дамовіліся з сяброўкай, якая ўзяла ключы ад шыкоўнай кватэры знаёмых. А ім трэба было, каб гэтая кватэра ператварылася ў пустыню. Навезлі пясок з кар’еру. Калі я ўвайшоў туды, думаў, сэрца стане: а раптам гаспадар прыедзе? Яны сыпалі пясок на стол, крэслы, ён быў паўсюль».

Дзіцем Ігнат здымаўся ў фільме «Дунечка», пазней — у расійскіх серыялах (напрыклад, у «Мухтар. Новы след»). Пасля акадэміі ён працаваў відэамантажорам на «Беларусь 3», а потым сышоў у свабоднае плаванне.

У фільме «Дунечка»

У фільме «Дунечка»

«Неяк ездзіў у Піцер. Яны там кампаніяй зрабілі інтэрнэт-партал. Іх пахвалілі — і кінулі, не заплацілі ні капейкі. Хлопцам давялося мыць посуд у бары, каб проста даехаць дадому», — згадвае бацька.

Ігнат пісаў вершы і арганізоўваў паэтычныя вечары. Быў сваім у мінскай багемнай тусоўцы. У 2016 годзе яны з прыяцелямі паставілі спектакль «Учынена» і выступілі з ім у ДК імя Шарко. Апошнім часам працаваў у рэкламнай кампаніі відэамантажорам.

«Ігнат дабрадушны і адкрыты хлопец. І максімальна неканфліктны: ён не любіў удзельнічаць у спрэчках, пазбягаў іх. Часта прапаноўваў камусьці з калег бясплатныя квіткі ў тэатр, якія мог дастаць па знаёмстве. Некаторыя калегі на спатканні так нават хадзілі. Ігнат лёгкі на ўздым, быў адным з галоўных тусоўшчыкаў у кампаніі: выставы, рэйвы — яму гэта цікава», — распавёў пра хлопца яго былы калега.

Падставай для крымінальнай справы стаў сяброўскі чат?

Блізкія не памятаюць, каб Ігнат цікавіўся палітыкай. Але ў дзень выбараў хваляваліся за яго: бачылі, як маладых людзей затрымлівалі на вуліцах.

«9 жніўня, калі пачалася страляніна, я тэлефанаваў сыну. Ён тады сказаў: тата не хвалюйся, мы з сябрамі сустрэліся, сядзім каля стадыёна «Дынама» на набярэжнай, тут усё ціха. Гаварылі амаль да трох ночы.

На наступны дзень недзе ў сем вечара ён пайшоў у краму, каб цыгарэт купіць (ён жыве недалёка ад цырка). І знік. Два дні мы не ведалі, дзе ён знаходзіцца. А потым нам пашанцавала — 12 жніўня хлопец, які выйшаў з турмы, патэлефанаваў нам і сказаў, што Ігнат у Жодзіна.

Я ездзіў туды, чакаў, што яго адпусцяць. Там вельмі шмат людзей сабралася. У сераду чалавек 100, а ў пятніцу, можа, тры тысячы, усе чакалі сваіх родных. Было шмат валанцёраў. Кава, ежа, коўдры… І спіс тэлефонаў кіроўцаў аўто, якія вызваліся ў любую кропку краіну давезці.

Я такога не бачыў ніколі ў жыцці. І не бачыў ніколі столькі збітых людзей. 

У пятніцу пад вечар патэлефанаваў следчы, сказаў, што сын трапіў пад падазрэнне па 293-м артыкуле».

Пазней сям’я даведалася, што сына затрымалі недалёка ад дома. З сабой у яго была картка, ключы ад кватэры, тэлефон і пашпарт (маці, якая вярнулася дадому, папярэдзіла, што дакументы правяраюць). У двары стаяла міліцыя — Ігнат паказаў свой пашпарт, што ён тут жыве. Яго прапусцілі. Калі хлопец перайшоў праспект, да яго падбеглі амапаўцы, скруцілі і пасадзілі ў аўтазак.

Падставай для крымінальнай справы, наколькі зразумелі бацькі, мог стаць чат, які Ігнат стварыў 9 жніўня для сустрэчы з сябрамі. Хлопец назваў яго «Прагулка».

«Але яны кожную нядзелю сустракаліся з сябрамі, Ігнат наогул кампанейскі чалавек», — разгублены бацька.

Маладога рэжысёра судзілі і па адміністрацыйнай справе. У пратаколе было шмат памылак: напісалі, што Ігнат беспрацоўны, што ў яго сярэдняя адукацыя. Далі штраф 540 рублёў.

Крымінальную справу пазней перакваліфікавалі — артыкул 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў з пагромамі, падпаламі, узброеным супраціўленнем прадстаўнікам улады) змянілі на 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), па якім мякчэйшае пакаранне. 

Бацька перапісвае сыну вершы Бродскага

Некалькі тэатраў накіроўвалі хадайніцтвы ў абарону Ігната, але хлопца да суда пакінулі ў СІЗА.

«Мы двойчы сустракаліся з сынам: у кастрычніку і ў снежні. На ўмовы ён не скардзіўся. Усе кажуць, што ў параўнанні з Акрэсціна Жодзіна — гэта піянерскі лагер, а Валадарскага яшчэ больш цывілізаванае месца.

Мне падабалася, як ён выглядае, думаў, будзе горш. Але калі сустрэліся другі раз, то я зразумеў, што ў першы ён выглядаў дрэнна. Быў крыху запалоханы. Ігнат не служыў, таму я яму казаў: стаўся, быццам гэта замест арміі».

Хлопец атрымлівае шмат лістоў — з Беларусі, Расіі, Ізраіля. Не паспявае ўсім адказваць. У адной з камер, дзе ён сядзеў, было недастаткова святла і стаяў толькі адзін стол, за якім усе пісалі па чарзе. 

За кратамі рэжысёр шмат чытае. У турэмнай бібліятэцы знайшоўся Дастаеўскі, Ганчароў, Маркес, Картасар.

«Няма Бродскага, а сын вельмі любіць яго. Я ў лістах часам перапісваю некалькі вершаў. У адным з лістоў даслаў яму рэферат пра Пішчалаўскі замак. Напісаў, каб не сумаваў вельмі, бо ў гэтай турме сядзеў і Дунін-Марцінкевіч, і Якуб Колас. Іх імёнамі названы вуліцы Мінска, таму ў гэтых хлопцаў, якія там сядзяць, яшчэ ўсё наперадзе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?