Сяргей Качалаў 24 сьнежня зьляпіў у сябе дома сьнежную бабу, упрыгожыў яе чырвоным шалікам, напісаў на сьнезе «Жыве Беларусь!».

Назаўтра сьнегавік «пацёк» і зьнік, а ўчастковы склаў пратакол за «несанкцыянаваны пікет». Справу разглядала судзьдзя Тамара Застаўнецкая.

Сяргей жыве ў Маркавічах Гомельскага раёну. Яму 51 год, мае інваліднасьць трэцяй групы. Ён заўсёды рабіў узімку сьнегавікоў, прыходзілі суседзі, фатаграфаваліся з імі. Зрабіў сьнегавіка і 24 сьнежня — як толькі выпаў сьнег, прычапіў яму чырвоны шалік, напісаў «Жыве Беларусь».

«Ну а што? Хіба не жыве Беларусь? Чаму так нельга пісаць?» — заўважыў Сяргей. Кажа, што ягонага сьнегавіка фатаграфавалі суседзі і ў тым ліку «некаторыя нехарошыя людзі». «Падбегла нейкая маладая дзяўчына — я яе ня ведаю. Зьняла сьнегавіка і ўцякла. Відаць, яна і данесла ў міліцыю», — зазначыў Сяргей. Участковы склаў пратакол за «несанкцыянаваны пікет» па артыкуле 23.34 КаАП.

«Я палітычных мэтаў не высоўваў, не бегаў са сьцягамі, нічога не крычаў. Я зрабіў сьнегавіка і напісаў «Жыве Беларусь», як Купала казаў. Трэба было мусіць напісаць «Не жыве Беларусь». Мы як усе людзі на сьвеце… Толькі чамусьці нас гнятуць!» — выказаўся на судзе вясковец.

«Ці быў бачны сьнегавік з вуліцы?» — пыталася судзьдзя.

«Жонка даведалася, што там бегаюць, крычаць — пайшла і сьцерла надпіс і шалік чырвоны зьняла», — дадаў Сяргей.

Судзьдзя накіравала матэрыялы справы на дапрацоўку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?